Беларускія сілавікі апублікавалі фэйкавае фота з «допыту» зніклай Анжалікі Мельнікавай. Знайшлі яго крыніцу
31 сакавiка 2025 у 1743415500
Аляксандра Рэквісава / «Зеркало»
Увечары 28 сакавіка стала вядома, што страчаная сувязь са спікеркай Каардынацыйнай рады Беларусі Анжалікай Мельнікавай. 31 сакавіка тэлеграм-канал, звязаны з ГУБАЗіК, апублікаваў фота жанчыны, дзе яна нібыта падпісвае пратакол допыту. Аднак гэта няпраўда - расказваем, што гэта за кадр.
«Анжаліка Мельнікава падпісвае пратакол допыту», - напісаў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал. Публікацыю суправадзілі фатаграфіяй зніклай жанчыны, якая сядзіць за сталом.
На выяве звяртаюць на сябе ўвагу разняволеная поза жанчыны, а таксама нехарактэрнае для гэтай пары года адзенне.
Насамрэч гэтае фота зробленае ў Варшаве 19 ліпеня 2024 года для «Белсата». Здымак выкарыстоўвалі ў інтэрв'ю Анжалікі Мельнікавай. На поўнай яго версіі можна таксама ўбачыць абстаноўку на працоўным месцы спікеркі, каляндар на 2024 год і бэйджы з мерапрыемстваў.
На момант публікацыі нататкі месцазнаходжанне Мельнікавай усё яшчэ невядомае. Днём 31 сакавіка Павел Латушка заявіў, што мабільны тэлефон Анжалікі Мельнікавай з 19 сакавіка знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Паводле яго, «гэта выяўлена тэхнічным спосабам».
Нагадаем, што спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава знікла 25 сакавіка. Павел Латушка заявіў, што афіцыйна паведаміў у праваахоўныя органы Польшчы пра яе знікненне. На просьбу праваахоўнікаў гэтая інфармацыя раней не публікавалася. Разам з жанчынай зніклі і яе дочкі 6 і 12 гадоў, якія жылі з ёю ў Варшаве.
Чытайце таксама