Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Роўна 21 год таму, 17 студзеня 2004-га, у Варшаве ва ўзросце 65 гадоў пайшоў з жыцця ўраджэнец беларускай Шчучыншчыны, былы вучань Гродзенскага музычна-педагагічнага вучылішча Часлаў Антонавіч Выдрыцкі. Ён жа — адзін з самых знакамітых польскіх музыкаў, легенда року, спявак, кампазітар і аўтар песняў Чэслаў Юльюш Выджыцкі, які праславіўся на ўвесь свет пад псеўданімам Чэслаў Немен. У разгар яго кар’еры польскія выданні прызнавалі яго найлепшым вакалістам, самым папулярным спеваком, а ў 1999-м назвалі «найлепшым польскім артыстам усіх часоў». Як гэтага дабіўся выхадзец з Беларусі? Расказваем, праз што сям'і Немена давялося пакінуць радзіму, чаму яго творчасць раздражняла камуністычныя ўлады Польшчы, на якія ўгоды з сумленнем яму даводзілася ісці, каб не трапіць у чорныя спісы, — і як ён, нягледзячы на гэта, напісаў песню, што стала сімвалам імкнення палякаў да пераменаў.

Беларускія ўлады і прапагандысты робяць усё магчымае, каб беларусы не ведалі сваёй гісторыі: перапісваюць падручнікі ў школах, ствараюць псеўдагістарычныя дапаможнікі для ідэолагаў і нападаюць на нацыянальных герояў праз падкантрольныя СМІ. Яны спрабуюць даказаць, што нашая гісторыя нібыта пачынаецца з СССР, сваёй незалежнасцю мы абавязаныя Аляксандру Лукашэнку, а нашая краіна — частка «рускага свету».

Насамрэч Беларусь — частка вялікай еўрапейскай сям'і і была ёю вельмі доўгі час. У нашым праекце «Агульная гісторыя» мы расказваем пра людзей і з’явы, якія многія гады звязваюць Беларусь з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй і якія аб’ядноўвалі нашыя краіны ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду.

Улады цяперашняй Беларусі назвалі б «збеглым»

Чэслаў Выджыцкі нарадзіўся 16 лютага 1939 года ў вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага павета Навагрудскага ваяводства — у міжваенны час гэта была тэрыторыя Польшчы. Усяго праз паўгода пачалася Другая сусветная вайна. Малую радзіму будучай польскай суперзоркі заняла Чырвоная армія, пасля чаго ўсю Заходнюю Беларусь уключылі ў склад БССР.

Клуб-музей Чеслава Немена в доме семьи Выджицких в деревне Старые Василишки Щучинского района. 22 июня 2016 года. Фото: S99. CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Клуб-музей Чэслава Немена ў доме сям'і Выджыцкіх у вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна. 22 чэрвеня 2016 года. Фота: S99. CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Нагадаем, што гэта адбылося практычна выпадкова. Яшчэ 16 верасня, то-бок проста перад пачаткам савецкага ўварвання ў Польшчу, якая змагалася супраць нацысцкай Германіі, у савецкіх дакументах згадваліся планы стварэння Польскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў складзе СССР. Не выключана, што, калі б гэтыя планы былі рэалізаваныя, Шчучыншчына хаця б часова ўвайшла ў склад ПССР, бо, паводле перадваенных польскіх перапісаў, тут жыло больш за 80% палякаў. Але потым Масква перадумала і дамовілася з Берлінам абмяняць належны ёй паводле сакрэтнага пратакола да пакта Молатава — Рыбентропа Люблін на Літву.

Як бы там ні было, маленькі Чэслаў і яго сям’я, нікуды не пераязджаючы, аказаліся на сваёй зямлі «іншародцамі» і сталі савецкімі грамадзянамі. Яны перажылі Другую сусветную вайну, у першыя гады пасля якой вельмі многія палякі пераехалі з Заходняй Беларусі ў Польскую Народную Рэспубліку. Але сям’я Выдрыцкіх-Выджыцкіх упарта не хацела пакідаць родны край.

Чеслав Выджицкий перед домом в Старых Василишках, 1950-е годы. Фото: muzeumjazzu.pl
Чэслаў Выджыцкі перад домам у Старых Васілішках, 1950-я гады. Фота: muzeumjazzu.pl

Музычны талент Чэслава праявіўся вельмі рана. Імаверна, гэтаму паспрыяла прафесія бацькі, які, акрамя рамонту гадзіннікаў і вырабу збруі, займаўся яшчэ і наладкай музычных інструментаў. Дзіцем Чэсік граў на аргане ў касцёле і выконваў у царкоўным хоры рэлігійныя песні. А ўжо ў школьным хоры спяваў песні савецкія. У 15 гадоў юнак паступіў у Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча, але праз год будучую рок-зорку адлічылі, і яму давялося давучвацца ў Васілішкаўскай школе (паводле адной версіі, афіцыйнай фармулёўкай адлічэння была прафнепрыдатнасць, паводле іншай — пропускі заняткаў).

Канец 50-х быў вельмі няпростым часам для палякаў, якія заставаліся ў СССР. Масква яшчэ з даваеннага часу лічыла іх «нядобранадзейнымі», і на 1955−1959 гады прыпала другая, «хрушчоўская», хваля іх рэпатрыяцыі.

Гэтым разам ніхто прымусова не выганяў палякаў з родных мясцін. Ім толькі далі дазвол выехаць за мяжу, што як на савецкія часы было практычна прывілеяй. З іншага боку, улады — магчыма, нават без асаблівага намеру — рабілі жыццё палякаў, што засталіся ў Беларусі, усё складанейшым. Як успамінаў стваральнік дома-музея Чэслава Немена Уладзімір Сянюта, прыкладна ў гэты ж час у Старых Васілішках закрылі касцёл (усе Выджыцкія былі пабожнымі каталікамі). Але ключавую ролю ў рашэнні з’ехаць з роднай вёскі адыграла ўсё ж адлічэнне Чэслава з музычнага вучылішча. Яго бацька своечасова разгледзеў музычныя здольнасці сына. Аднак юнака, які скончыў школу, цяпер мусілі забраць у Савецкую армію — што магло перашкодзіць яму займацца любімай справай і развіваць свой талент (нагадаем, што ў СССР тых гадоў тэрмін абавязковай вайсковай службы складаў тры-чатыры гады).

Костел святых Петра и Павла в деревне Старые Василишки Щучинского района Гродненской области. Фото: Сяргей Кончар, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Касцёл святых Пятра і Паўла ў вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Фота: Сяргей Кончар, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Нарэшце наважыўшыся, у 1958 годзе сям’я Чэслава Выджыцкага пакінула Беларусь — праз непрымальныя ўмовы жыцця, створаныя новай уладай, і з жадання ўратаваць сына ад тэрміновай службы. Любой з гэтых прычын цалкам хапіла б сучасным прапагандыстам, каб залічыць гэтых людзей да «збеглых». Цікава, што ў матэрыялах пра Чэслава Немена ў дзяржаўных беларускіх СМІ часта робяць акцэнт на тым, што і стаўшы суперзоркай, артыст захоўваў цёплыя пачуцці да роднай вёскі ў Беларусі — што, безумоўна, праўда. Але пры гэтым такія публікацыі старанна абыходзяць бокам пытанне, што вымусіла Выджыцкіх пакінуць радзіму.

Сям’я з’ехала не ў поўным складзе: брат Чэслава, Віктар, застаўся ў Старых Васілішках, дзе і пражыў да 96 гадоў. Затое ў апошні дзень перад ад’ездам Чэслаў употай ад бацькоў паспеў зарэгістраваць шлюб у сельсавеце з Марысяй Клаўзунік — дзяўчынай, у якую закахаўся яшчэ ў школе. Дзякуючы гэтаму пазней ён змог даслаць ёй запрашэнне з Польшчы, і пасля доўгіх бюракратычных працэдур яна прыехала да мужа.

Першы год польскага жыцця быў для сям'і Выджыцкіх вельмі складаным. Спачатку яны трапілі ў лагер для рэпатрыянтаў у Драўска-Паморску на паўночным захадзе краіны. Потым жылі ў іншых гарадах на землях, якія пасля вайны Польшча атрымала ад Германіі — у Свебодзіне, Бялаградзе, Калабжэгу. Бацька Чэслава Антон Выджыцкі, які на радзіме меў рэпутацыю выдатнага рамесніка і атрымліваў заказы з-пад Гродна і Вільні, так і не паспеў толкам уладкавацца на новым месцы. Па меры магчымасцяў яму дапамагаў брат Юзаф, які з’ехаў у Польшчу яшчэ ў 1945 годзе і працаваў там дырэктарам школы. Нягледзячы на гэта, бацька будучай зоркі, які, паводле водгукаў аднавяскоўцаў, у Беларусі на здароўе не скардзіўся, праз два гады пасля пераезду памёр.

Чэславу Выджыцкаму ўдалося наведаць родную вёску ў Беларусі праз 21 год, у 1979-м. Свае адносіны са страчанай радзімай Немен апісваў так: «Усё жыццё з мяне праступае гэтая беларускасць, хоць я і не беларус. Гаворка пра рэгіяналізм, маю адчувальнасць да дароў прыроды, у тым ліку да музыкі, да спеваў тых людзей, якія музыку адчувалі, ім не трэба было яе вучыць».

Чеслав Немен на концерте в Зале конгрессов Дворца культуры и науки, Варшава, 1970. Фото: Марьян Санецкий, commons.wikimedia.org
Чэслаў Немен на канцэрце ў Зале кангрэсаў Палаца культуры і навукі, Варшава, 1970. Фота: Мар’ян Санецкі, commons.wikimedia.org

Ад Выджыцкага да Немена: за што жонка выгнала музыканта з дому і як яго папулярнасці дапамог выступ у жаночай турме

Пасля таго як да Чэслава змагла прыехаць жонка з Беларусі, маладая пара пасялілася ў Гданьску. Справы з грашыма і жыллём у сям'і ішлі вельмі цяжка. Марыся вучылася ў медыцынскім вучылішчы, а яе муж аднавіў перапыненую музычную адукацыю, гэтым разам па класе фагота. Але пад ціскам побыту жанчына не хацела, каб Чэслаў быў музыкам: лепш бы займаўся чымсьці больш адчувальным, што прынесла б рэальны дабрабыт сям'і. У 1960 годзе, калі пара жыла ў Сопаце, у іх нарадзілася дачка. Блізкі сябар Немена, музыка Гельмут Надольскі, пасля ўспамінаў:

«Жонка выгнала Чэсіка з дому, бо хацела, каб ён пайшоў на нармальную працу і пачаў нарэшце зарабляць грошы. Мяне ў той самы час выгналі з дому таму, што я хацеў граць джаз. Так мы з ім і зблізіліся. Гэта было дзіўна, бо я, як і ўсе джазавыя музыкі, быў баламут. А ён, наадварот, быў спакойны, загадкавы, не піў і не курыў. У той час мы не гралі разам, бо я граў джаз, а ён граў свае босановы, якія былі фантастычнымі. Гэта было цяжка. Мы спалі дзе маглі, у асноўным у падвалах „Жака“ (студэнцкага клуба, у якім выступаў Немен. — Заўв. рэд.). Той, у каго былі грошы на ежу, дзяліўся з іншым. Чэсік браўся за любую працу — начамі цягаў торбы ў порт і настройваў піяніна. Ён умеў усё, аднойчы пашыў мне штаны».

У выніку шлюб Чэслава і Марысі не вытрымаў выпрабаванняў і праз некалькі гадоў распаўся (толькі ў 1975 годзе Чэслаў жэніцца другі раз з акторкай, мастачкай і мадэллю Малгажатай Кшэвіньскай, з якой у іх было двое дзяцей).

Тым часам пачаліся 1960-я, і Гданьск і Сопат сталі радзімай польскага рок-н-ролу (тады палякі называлі яго біг-біт). Гэтыя суседнія гарады аказаліся прыдатнай стартавай пляцоўкай для музыканта і выканаўцы, якому было цесна ў традыцыйных для таго часу і ўхваленых камуністычнымі ўладамі краіны жанрах. Чэслаў хутка набыў вядомасць, выконваючы пад гітару самбу, босанову і іншыя лацінаамерыканскія песні на іспанскай мове. Вось як у 1962 годзе Чэслаў Выджыцкі спяваў Ave Maria no Morro:

Таленавітага маладога артыста заўважыў адзін са стваральнікаў польскага біг-біту Францішак Валіцкі — музычны журналіст, грамадскі дзеяч і ўплывовы прадзюсар, заснавальнік некалькіх музычных гуртоў, у тым ліку Czerwono-Czarni («Чырвона-чорныя») і Niebiesko-Czarni («Сіне-чорныя»). Яны былі аднымі з першых прафесійных рок-калектываў у Польшчы: адзін больш «класічны», другі — больш эксперыментальны, а назвы адпавядалі колерам сцэнічных касцюмаў.

Валіцкі арганізоўваў канцэрт «Сіне-чорных» у жаночай турме ў Грудзёндзы і запрасіў Чэслава паўдзельнічаць — запоўніць паўзу ў перапынку паміж дзвюма часткамі выступу гурта. Дзіўным чынам Валіцкі паспеў адчуць у той дзень і жорсткае расчараванне, і пачуццё глыбокага задавальнення. Вось як ён пра гэта расказваў:

«Была нядзеля, 3 чэрвеня 1962 года. Неўзабаве мы прамінулі жалезныя вароты. Зала была поўная. У ёй пераважалі маладыя жанчыны. Чэсік выступаў у перапынку паміж рок-н-рольным грукатам гурта — адзін, толькі пад гітару. Калі ён, высокі і стройны, з каротка пастрыжанымі валасамі і чорнымі вусамі, выйшаў на сцэну, дзяўчаты ажывіліся: што пакажа нам гэты хлопец са знешнасцю спалоханага алтарніка?

Чеслав Немен в 1965 году. Фото: Марек Каревич / издательство SQN, опубликовано Culture.pl
Чэслаў Немен у 1965 годзе. Фота: Марэк Карэвіч / Выдавецтва SQN, апублікавана Culture.pl

Калі замест рок-н-ролу яны пачулі сентыментальныя галашэнні на іспанскай мове, то відавочна расчараваліся. У зале пачаліся размовы і нават смех. Я злаваўся на сябе за ідэю з Чэсікам. Выйшаў з залы, стаў чакаць, пакуль скончыцца няёмкае відовішча. А Чэсік усё спяваў і спяваў.

Здаецца, ён быў на сярэдзіне „Малагеньі“ (песні на матыў іспанскага танца фламенка. — Заўв. рэд.), калі я вярнуўся, каб даць яму знак заканчваць. Мяне здзівіла цішыня ў зале. Я не мог паверыць сваім вачам: дзяўчаты-зняволеныя плакалі. І ім не было пры гэтым сорамна ці няёмка. Чэсік скончыў і пакінуў сцэну. Не кажучы ні слова, я абняў яго і прыціснуў да сябе. Я ўжо ведаў, што знайшоў скарб».

Валіцкі, які шукаў новую зорку рок-н-ролу, пасля доўгіх пераконванняў угаварыў Чэслава паспрабаваць новы для яго жанр. Разам з «Сіне-чорнымі» ён заняў першае месца на фестывалі маладых талентаў у Шчэціне, які стаў для Выджыцкага трамплінам на дарозе да вялікай вядомасці. У 1963 годзе ён паехаў на міжнародны фестываль Les idoles des jeunes у Парыжы. Французскія арганізатары няправільна напісалі на афішы прозвішча Чэслава. Валіцкі і ягоная жонка патлумачылі Чэславу, што замежнікам з цяжкасцю даецца вымаўленне ягонага польскага прозвішча і з гэтым лепш нешта зрабіць. Так «знік» Выджыцкі і «нарадзіўся» Чэслаў Немен (Niemen — гэта рака Нёман па-польску). Гэты паэтычны псеўданім стаў дэманстрацыяй цёплых пачуццяў музыкі да страчанай радзімы.

Ужо хутка ўраджэнец Беларусі стаў звышпапулярным у польскай аўдыторыі. Ён актыўна выступаў амаль 20 гадоў, да пачатку 1980-х, сольна і з многімі гуртамі: Akwarele, Niemen Enigmatic, Niemen, Niemen Aerolit, Kombi. На рок-н-роле не спыніўся: джаз, блюз-рок, прагрэсіў-рок, псіхадэлічны рок, поп, электронная музыка, авангард, фанк — усё гэта пра Чэслава Немена (і спіс няпоўны). Ён запісаў пад два дзясяткі студыйных альбомаў, удзельнічаў у спектаклях, ствараў музыку да фільмаў. Аб’ездзіў з гастролямі нямала краін — Еўропу, ЗША і нават Індыю.

Чеслав Немен и итальянская певица Фарида, с которой он встречался, 1970 год. Фото: Марек Каревич, commons.wikimedia.org
Чэслаў Немен і італьянская спявачка Фарыда, з якой ён сустракаўся, 1970 год. Фота: Марэк Карэвіч, commons.wikimedia.org

Дарэчы, у другой палове 1970-х Чэслаў Немен гастраляваў і па СССР — канцэрты прайшлі ў Маскве, Ленінградзе, Баку, Ерэване, Адэсе, Данецку, Сочы, Рызе. А ў 1976-м адбыўся і адзіны канцэрт у Мінску, у Палацы спорту. Пасля гэтага музыка пагаварыў з беларускай журналісткай Верай Савінай. У доме-музеі Немена ў Старых Васілішках ёсць фатаграфія з гэтага інтэрв'ю.

«На жаль, тое інтэрв'ю для адной з цэнтральных газет так і не выйшла. Ён тады гаварыў у асноўным пра Цыпрыяна Норвіда — класіка польскай паэзіі ХІХ стагоддзя, на вершы якога пісаў музыку. І, трэба сказаць, тады ён заразіў сваёй любоўю да гэтага паэта многіх, людзі ў Савецкім Саюзе кінуліся чытаць Цыпрыяна Норвіда», — успамінала Савіна.

Як быць нязручным для ўладаў — і не трапляць у чорныя спісы? Няпросты рэцэпт Немена

Чэслаў Немен жыў і ствараў у складаную эпоху, і некаторыя яго ўчынкі выглядаюць супярэчлівымі і неадназначнымі. Аднойчы ён нават напісаў і выканаў «антызаходнюю» песню, у якой выступаў за «традыцыйныя каштоўнасці». Але таксама Немен стварыў і праспяваў Dziwny jest ten świat («Дзіўны гэты свет») — на думку палякаў, адну з галоўных пратэсных песняў, якія спрыялі зрынанню камунізму ў краіне. Як так атрымалася?

Чеслав Немен на XIII Фестивале польской песни. Ополе, 1975 год. Фото: Grażyna Rutowska - Narodowe Archiwum Cyfrowe, Archiwum Grażyny Rutowskiej, Domena commons.wikimedia.org
Чэслаў Немен на XIII фестывалі польскай песні. Аполе, 1975 год. Фота: Grażyna Rutowska — Narodowe Archiwum Cyfrowe, Archiwum Grażyny Rutowskiej, Domena commons.wikimedia.org

Вядома, культура ў Польшчы ў часы Немена існавала і развівалася зусім у іншых умовах, чым у тагачаснай БССР ці ў цяперашняй Беларусі. Той жа канцэрт папулярнага рок-гурта ў якой-небудзь беларускай жаночай калоніі выглядае аднолькава фантастычным як для 1962, так і для 2024 года.

Але гэта не значыць, што камуністычныя ўлады Польшчы давалі культуры поўную свабоду. Каб існаваць і ствараць у такіх умовах, музыкі вымушаныя былі ісці на кампрамісы. Часам з такога стану рэчаў удавалася здабываць выгаду. Так, гурт «Сіне-чорныя», з якім Немен пасля поспехаў на конкурсах выступаў яшчэ некалькі гадоў, адным з першых пачаў выконваць рок-песні на польскай мове і гастраляваў па краіне пад патрыятычным і прымальным з пункту гледжання ўладаў слоганам «Польская моладзь спявае польскія песні». Дзякуючы гэтаму ён абышоў па папулярнасці «Чырвона-чорных», якія аддавалі перавагу кампазіцыям на англійскай. І адначасова хаця б часткова задаволіў патрэбы партыйных кіраўнікоў, якія скептычна ставіліся да «празмернага» распаўсюду культурных заходніх павеваў.

Музыкі, якія не маглі ці не хацелі мірыцца з такім станам рэчаў, траплялі ў польскія аналагі сучасных беларускіх чорных спісаў — то-бок ім забаранялі выступаць. Так адбылося, напрыклад, з групай Rhytm and Blues. Выдатна разумеючы гэтую пагрозу, аднойчы Немен зайшоў занадта далёка — прычым адбылося гэта на самым світанку яго вялікай папулярнасці.

Звезда Чеслава Немена на аллее звезд польской музыки в «столице польской песни» Ополе. Декабрь 2014 года. Фото: Adaś17. CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Зорка Чэслава Немена на алеі зорак польскай музыкі ў «сталіцы польскай песні» Аполі. Снежань 2014 года. Фота: Adaś17. CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

У 1963 годзе Чэслаў напісаў песню «Не будзь такім бітлом» (Nie bądź taki bitels), у якой пакепліваў з прыхільнікаў новай моды на доўгія мужчынскія прычоскі, «пазычаныя» ва ўдзельнікаў гурта Beatles, што акурат стаў вядомым. Лірычны герой песні называў сваіх бацькоў «адсталымі» праз тое, што яны нічога не ведаюць пра сучасную моду, якая прыйшла з Захаду. Нібыта ўступаючы з ім у спрэчку, Немен ад асобы сваякоў заклікаў героя каротка падстрыгчыся, каб не злаваць іх. На фан-форуме музыкі «Не будзь такім бітлом» прызналі адной з дзвюх самых няўдалых яго кампазіцый.

Магчыма, пасля ўсталявання ў Польшчы дэмакратыі хтосьці з выканаўцаў, трапіўшы ў падобную сітуацыю, пачаў бы выкручвацца і сцвярджаць, што слухачы няправільна зразумелі яго іронію. Да гонару Немена, той выкручвацца не стаў і прызнаў, што напісаў гэтую песню, каб дагадзіць уладам і пазбегнуць забароны выступаць. У 1999 годзе ў інтэрв'ю часопісу «Палітыка» музыка расказаў, што пра гэтую кампазіцыю яму хацелася б забыць.

Чэслаў Немен, як і іншыя польскія рок-музыкі таго часу, жыў і ствараў у дваістым, супярэчлівым стане. Ён зрабіўся сапраўднай зоркай, гастраляваў па Францыі, Югаславіі, Венгрыі і СССР, запісваў альбомы ў ЗША і Заходняй Германіі, выступаў і займаў высокія месцы на штогадовых фестывалях польскай песні ў Аполі, здабываў усё больш прыхільнікаў і прыхільніц. Песня Sen o Warszawie («Сон пра Варшаву»), якую Немен запісаў у 1969 годзе ў Парыжы, дзе моцна сумаваў па Польшчы, стала нефармальным гімнам польскай сталіцы. А таксама афіцыйным гімнам варшаўскага футбольнага клуба «Легія». На гэтым відэа заўзятары самай тытулаванай каманды Польшчы выконваюць песню ўраджэнца Беларусі перад матчам з дортмундскай «Барусіяй» у верасні 2016 года:

Адначасова з тым творчасць Немена жудасна раздражняла камуністычныя ўлады. На думку партыйных функцыянераў, авангардная музыка, вершы, экстравагантны лад жыцця і ўплыў Немена на моладзь кідалі выклік сацыялістычнай рэальнасці. Як успамінаў музыка, улады не абмяжоўваліся крытыкай творчасці, падвяргаючы насмешкам яго прычоску і касцюм. І такая прапаганда далёка не заўсёды была бяскрыўднай. Чэславу і музыкам створанага ім у 1966-м рок-гурта Akwarele, «дзівакам» у незвычайнай вопратцы, даводзілася сутыкацца з праявамі нецярпімасці з боку натоўпу.

З часам нападкі на Немена ў прэсе Польскай Народнай Рэспублікі раслі. І хоць да поўнай забароны яго канцэртаў не дайшло, песні Чэслава перасталі трансляваць на радыё. А аднойчы ўлады, каб цішком дыскрэдытаваць папулярнага музыку, распаўсюдзілі ілжывую чутку пра тое, быццам Немен на адным з канцэртаў паказаў гледачам голы азадак.

Памятник Чеславу Немену у Опольского университета. Фото: Rodak, Domena publiczna, commons.wikimedia.org
Помнік Чэславу Немену ля Апольскага ўніверсітэта. Фота: Rodak, Domena publiczna, commons.wikimedia.org

Балансаваць паміж рэальнай папулярнасцю і астракізмам з боку ўладаў і іх прыхільнікаў Немену дапамагаў яго талент. Падчас выступу польскага выканаўцы ў Парыжы яго пачула Марлен Дзітрых — знакамітая нямецкая акторка, якая выступіла супраць нацызму напярэдадні Другой сусветнай вайны.

Спявацкае майстэрства Немена так уразіла зорную немку, што падчас візіту ў Варшаву ў 1964 годзе яна настаяла на тым, каб перад яе канцэртам у Зале кангрэсаў Палаца культуры і навукі (першы варшаўскі хмарачос) выступаў менавіта ён. У гэтым пампезным памяшканні ў той час праводзіліся з’езды кіроўнай Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП). Стоячы за кулісамі, Дзітрых з задавальненнем слухала песню Немена Czy mnie jeszcze pamiętasz («Ты мяне яшчэ памятаеш?»). А праз год запісала песню з той жа музыкай Немена і сваімі вершамі Mutter, hast du mir vergeben («Мама, ты мне даравала?»).

Хаця Немен не цікавіўся палітыкай адкрыта, ён выдатна разумеў, што яго творчасць ідзе насуперак партыйнай ідэалогіі. Праз чатыры гады пасля кан’юнктурных «бітлоў» ён напісаў Dziwny jest ten świat («Дзіўны гэты свет») — песню зусім іншай «ідэалагічнай» танальнасці. У ёй Немен задаваўся пытаннямі, чаму ў гэтым свеце так шмат зла, людзі пагарджаюць адно адным, а злоснае слова забівае як нож. Але потым заяўляў, што цвёрда верыць, што людзей добрай волі ў свеце ўсё ж больш і дзякуючы ім свет ніколі не загіне. У канцы гэтай трагічнай і адначасова аптымістычнай кампазіцыі Немен дэклараваў, што прыйшоў час знішчыць у сабе нянавісць.

Ёсць меркаванне, што песня Dziwny jest ten świat з’явілася на свет дзякуючы непрыманню, якое спявак адчуваў да двудушнасці і крывадушнасці. Другая жонка Немена сцвярджала, што менавіта праблемы ў адносінах з іншымі людзьмі падштурхнулі яе будучага мужа да стварэння гэтай кампазіцыі:

«У яго прысутнасці людзі кажуць адно, а за яго спінай — іншае. Ён, просталінейны чалавек са Старых Васілішак, наогул не мог гэтага зразумець. Гэтыя двудушнасць і крывадушнасць моцна ранілі яго. Адсюль і Dziwny jest ten świat».

Зрэшты, сам Немен расказваў, што песня сапраўды з’явілася ў той момант, калі яму падаўся дзіўным свет, што разбурае яго веру ў дабро. Але пры гэтым дадаваў, што такі ўплыў на гэтую ягоную веру зрабіў менавіта ціск з боку ўладаў.

Незвычайная мелодыя, пранізлівыя вершы і эмацыйнае выкананне песні Dziwny jest ten świat хутка зрабілі яе папулярнай. У масавай свядомасці яна пачала ўспрымацца як заклік да пераменаў і ператварылася ў адну з першых пратэсных песняў Польскай Народнай Рэспублікі. Але дзіўным чынам Немену ўдалося ўнікнуць дадатковых праблем праз гэта. Рэч у тым, што тагачасныя ўлады тлумачылі яе як усхваленне сацыялістычнага ладу. Мяркуючы з усяго, з іх пункту гледжання людскія заганы, якія апісваў у сваім творы Немен, маглі сустракацца толькі на «гнілым Захадзе».

Чеслав Немен с женой Малгожатой, 1979 год. Фото: Марек Бронярек, источник: muzeumjazzu.pl
Чэслаў Немен з жонкай Малгажатай, 1979 год. Фота: Марэк Бранярэк, крыніца: muzeumjazzu.pl

Як палітыка занялася чалавекам, які зусім не хацеў ёю займацца

Мабыць, вам знаёмы выраз «Калі ты не займаешся палітыкай, яна зоймецца табой». Як і многім іншым людзям, Чэславу Немену давялося ацаніць справядлівасць гэтага выказвання на ўласным досведзе.

У снежні 1981 года польскія ўлады ў адказ на актывізацыю незалежнага прафсаюза «Салідарнасць» увялі ваеннае становішча. Па ўсёй краіне адключылі тэлефонную сувязь, на вуліцы гарадоў зайшла армія з ваеннай тэхнікай. Тысячы актывістаў апазіцыі былі адпраўленыя ў турмы, вайскоўцы захапілі заводы і ўніверсітэты, якія пачалі страйкі, не пазбегнуўшы пры гэтым чалавечых ахвяр.

Многія польскія артысты ў такіх умовах байкатавалі падкантрольныя ўладам сродкі масавай інфармацыі. Якім жа было здзіўленне палякаў, калі ў чарговым снежаньскім выпуску «Тэлевізійнага весніка» Першага канала польскага ТБ дыктар у вайсковай форме абвясціў, што цяпер будзе паказанае інтэрв'ю з Чэславам Неменам. «Тэлевізійны веснік» меў рэпутацыю самай ілжывай прапагандысцкай перадачы, але гэтым разам Немен сапраўды з’явіўся ў эфіры. Чым нібыта прадэманстраваў сваю лаяльнасць рэпрэсіўнаму вайсковаму рэжыму.

Як высветлілася пазней, сітуацыя была роўна процілеглай. Імкнучыся падмацаваць легітымнасць вайсковых уладаў, прапагандысты выкарысталі ў праграме фрагмент запісанай да перавароту каляднай праграмы, у стварэнні якой удзельнічаў не толькі Немен, але і пратэсны прафсаюз «Салідарнасць» — на той момант яшчэ не забаронены. Але ва ўмовах татальнага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі мільёнам палякаў пра гэта ніхто не расказаў.

Фото: culture.pl / Войтек Лаский
БМП на вуліцы Варшавы падчас абвяшчэння ваеннага становішча ў снежні 1981 года. Фота: culture.pl / Войтэк Ласкі

Наколькі дапамагло вайсковаму рэжыму з’яўленне Немена ў эфіры «Тэлевізійнага весніка» — незразумела. Але рэпутацыю яго самога яно сапсавала ўмомант. Падкрэсленая апалітычнасць артыста, які «хістаў» рэжым і жудасна раздражняў яго сваёй творчасцю, але не крытыкаваў у публічных заявах, згуляла з Неменам злы жарт. У хаосе вайсковага перавароту вельмі многія прыхільнікі зоркі некрытычна паставіліся да тэлесюжэту, падкінутага прапагандыстамі.

Уяўны калабарацыянізм Немена стаў шокам для рэпрэсаваных актывістаў і дзеячаў мастацтва. На выканаўцу, які дзесяцігоддзямі зазнаваў цкаванне з боку ўладаў, абрынуліся абвінавачанні і паклёп ад апазіцыйна настроеных палякаў. Немена называлі прадажным, сцвярджалі, што ён ездзіць за мяжу дзякуючы таму, што «скурвіўся» і ўступіў у ПАРП.

У самога ж артыста магчымасці адказаць не было — СМІ заставаліся падкантрольнымі рэжыму. А цкаванне тым часам перасягнула межы Польшчы. Падчас гастроляў у ЗША ля клубаў, дзе выступаў Немен, з’явіліся пікеты і раздаваліся ўлёткі. Усё выглядала так, быццам супраць выступу Чэслава пратэстуе польская супольнасць у ЗША. Але праз гады высветлілася, што гэтыя дэманстрацыі былі арганізаваныя замежнымі агентамі спецслужбаў камуністычнай Польшчы.

Немен вельмі цяжка ўспрыняў такое змяненне стаўлення да сябе. У 1980-я ён амаль знік з польскага медыйнага поля, заявіўшы: «У мяне няма палітычных сімпатый». Артыст даваў канцэрты ў невялікіх залах і касцёлах, толькі зрэдку з’яўляючыся ў тэатрах і на фестывалях. Таксама ён пераключыўся на стварэнне музыкі для тэатра і кіно. Адзінай яго апорай у гэты час заставаліся жонка Малгажата і дочкі.

Нягледзячы на тое, што ў цяжкі час апазіцыя паверыла правакацыі рэжыму і разгарнула цкаванне Немена, у 1989 годзе на першых часткова дэмакратычных выбарах у пасляваеннай Польшчы ён рашуча падтрымаў «Салідарнасць».

Мемориальная доска в память о Чеславе Немене в костеле святых Петра и Павла в Старых Василишках. Фото: Snavidna, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Мемарыяльная дошка ў памяць пра Чэслава Немена ў касцёле святых Пятра і Паўла ў Старых Васілішках. Фота: Snavidna, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Пасля дэмакратызацыі Польшчы Немен нячаста выступаў на вялікай сцэне. Ён па-ранейшаму пісаў музыку для кіно і тэатра, а таксама займаўся жывапісам і камп’ютарнай графікай. Свой апошні альбом музыка запісаў у 2001 годзе.

У апошнія гады жыцця артыст змагаўся з ракам лімфавузлоў. 21 год таму, 17 студзеня 2004 года, Чэслаў Немен ва ўзросце 64 гадоў памёр у анкалагічнай бальніцы ў Варшаве. Пахаванне адбылося 30 студзеня. У гэты дзень многія польскія радыёстанцыі, а 13-й гадзіне ўключылі Dziwny jest ten świat — адну з галоўных пратэсных песняў Польшчы, напісаную выхадцам з Беларусі, які з усёй сілы імкнуўся не займацца палітыкай, але дзякуючы свайму таленту, наватарству і творчай шчырасці ўсё роўна стаў правадніком духу пераменаў.

Чытайце таксама