Ад узмацнення дэфіцыту кадраў да пытанняў з пенсіямі. Беларусь працягвае страчваць насельніцтва — чаму гэта адбываецца і дзе можа «прарваць»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

У Беларусі працягваецца ўстойлівае скарачэнне насельніцтва. Яно звязанае з некалькімі ключавымі фактарамі: высокай смяротнасцю, нізкай нараджальнасцю і адтокам мігрантаў. Так лічыць эксперт BEROC, які спецыялізуецца на пытаннях дэмаграфіі, ён пажадаў застацца ананімным. Спыталі ў аналітыка, да чаго вядзе скарачэнне колькасці насельніцтва і ці можна пераламаць гэтую тэндэнцыю.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: shutterstock.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: shutterstock.com

З чым звязанае змяншэнне колькасці насельніцтва

За 2024 год насельніцтва Беларусі, паводле афіцыйных звестак, скарацілася амаль на 47 тыс. А за апошнія пяць гадоў, то-бок з 2020-га, мінус склаў 300 979. Такімі тэмпамі колькасць беларусаў у краіне не падала з пачатку нулявых. А ў параўнанні з 2010-мі тэндэнцыя рэзка пагоршылася.

Адной з прычын рэзкага змянення сітуацыі з дэмаграфіяй, на думку аналітыка, стаў рост смяротнасці. Гэта натуральны працэс, звязаны са старэннем насельніцтва. У апошнія гады шматлікае пакаленне народжаных у 1950−1960-я (перыяд «бэбі-буму») уваходзіць у той узрост, калі ў Беларусі людзі пачынаюць паміраць. Разам з гэтым падае колькасць тых, хто нарадзіўся, адзначае аналітык. Беларускія ўлады з 2020 года хаваюць звесткі і пра нараджальнасць, і пра смяротнасць. Эксперт лічыць, што, хутчэй за ўсё, і цяпер гэтыя працэсы працягваюцца. Пацвярджаюць іх непублічныя дакументы — нараджальнасць падае.

З аднаго боку, меншая колькасць беларусаў, якія прыйшлі на свет, звязаная з тым, што ў цэлым цяпер патэнцыяльнымі бацькамі можа быць адносна нешматлікая група людзей. З іншага боку, уплывае высокая эміграцыя — краіну пакінулі дзясяткі ці сотні тысяч маладых людзей, якія маглі б ствараць сем'і. Негатыўна паўплывалі ўнутрыпалітычны крызіс і геапалітычная абстаноўка, у прыватнасці ўварванне Расіі ва Украіну. Такая нестабільнасць зніжае ўпэўненасць людзей у будучыні і іх планы пашыраць сям’ю.

Такім чынам, мы маем карціну, калі больш людзей памірае, менш нараджаецца, да таго ж істотная частка насельніцтва пакінула краіну. Апошні фактар сам па сабе ў афіцыйнай статыстыцы ўлічваецца толькі часткова (падрабязней пра гэта раскажам далей), але ён адбіваецца на паказчыках нараджальнасці.

Прыток замежнікаў у краіну не перакрывае маштабаў эміграцыі.

Калі ў Беларусі людзей рабілася больш

Як відаць на графіцы вышэй, за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў у Беларусі быў нядоўгі перыяд росту колькасці насельніцтва — з 2013 да 2016 года ўключна. Раней падобны працэс назіраўся ў першай палове 1990-х.

У нейкай ступені павелічэнне людзей у краіне ў 2010-х было звязанае з ростам нараджальнасці (у другой палове 2000-х — першай 2010-х). Акурат у перыяд з 2012 да 2016 года нараджальнасць у пераліку на 1000 чалавек была вышэйшая, чым калі-кольвек з моманту здабыцця незалежнасці.

А паўплывалі на сітуацыю з дзецьмі некалькі фактараў. Адзін з іх — дасягненне пэўнай эканамічнай стабільнасці, лічыць аналітык:

— Людзі сталі больш упэўненыя ў сваім фінансавым становішчы. Яно не тое каб палепшылася — неабавязкова, каб даходы раслі, проста людзі разумелі, што сітуацыя стабільнейшая — і эканамічная, і сацыяльная. То-бок стала зразумела, як уладкаванае грамадства, як яно будзе працаваць. Разам з тым да таго моманту ў дзетародным узросце акурат аказалася вялікая група народжаных у 1980-я. Гэта таксама зрабіла свой унёсак.

Насамрэч людзей у краіне можа быць менш за 9 млн

Эксперт адзначае, што афіцыйныя статыстычныя звесткі могуць быць завышаныя, бо рэальную колькасць тых, хто з’ехаў пасля 2020-га, у поўнай меры не фіксуюць. Гэта звязана са складанасцямі ўліку людзей, што з’ехалі з краіны.

У выніку насельніцтва краіны на паперы большае, чым напраўду — эксперт мяркуе, што рэальная колькасць жыхароў ужо цяпер ніжэйшая за 9 мільёнаў.

Пра гэта ж сведчаць непублічныя дакументы (прыклады 1 і 2).

Чаму дэмаграфічная сітуацыя выклікае заклапочанасць

Само па сабе скарачэнне насельніцтва — гэта не такая вялікая праблема. У свеце ёсць нацыі, значна меншыя колькасцю, чым беларусы. Заклапочанасць выклікаюць перакосы, якія ўзнікаюць у сувязі з гэтым працэсам. Нараджальнасць цягам многіх гадоў то расце, то падае. І цяпер акурат ідзе перыяд, калі на пенсію выходзяць людзі, народжаныя ў канцы 1950-х і ў 1960-я. Гэта тыя самыя «бэбі-бумеры», і іх адносна шмат. А вось ім на змену працаваць пачынае не такая вялікая група моладзі. У выніку гэта адбіваецца на недахопе працоўных рук на рынку працы (разам з шэрагам іншых фактараў).

У найбліжэйшыя гады сітуацыя на рынку працы можа крыху палепшыцца, адзначае аналітык. Гэта звязана акурат з тым, што пачнуць працаваць тыя, хто нарадзіўся ў перыяд пэўнага паляпшэння сітуацыі з нараджальнасцю пачынаючы з сярэдзіны 2000-х.

— Калі яны застануцца ў краіне, а не з’едуць (ці ўжо не з’ехалі з бацькамі), то гэта будзе станоўча ўплываць на рынак працы. Але з іншага боку, іх усё роўна не так шмат, як тых, хто будзе выходзіць на пенсію, таму на рынку працы будзе і далей адчувацца недахоп працоўных рук.

У доўгатэрміновай перспектыве недахоп работнікаў стане яшчэ вастрэйшым. Гэта ўскладніць пытанне забяспечання пенсійнай сістэмы. Бо будзе стабільна змяншацца колькасць людзей, якія плацяць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, з якога бяруць грошы на пенсіі.

Чаму краіна, хутчэй за ўсё, працягне страчваць людзей

Летась урад апублікаваў праект Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця, у якім адна з мэтаў — стабілізаваць колькасць насельніцтва на ўзроўні 9,1 млн да 2030 года. То-бок па сутнасці ўлады разлічваюць, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў тэндэнцыя змяншэння людзей у краіне спыніцца.

Эксперт BEROC скептычна ацэньвае такія перспектывы, бо ўлады пакуль не робяць эфектыўных захадаў для вяртання эмігрантаў ці стымулявання нараджальнасці.

Ад функцыянераў і праўладных аналітыкаў гучаць рэцэпты вырашэння праблемы накшталт «захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і шматдзетнасці» (прыклады 1 і 2). Аднак наўрад ці гэта можна лічыць рабочым інструментам для вырашэння дэмаграфічнай праблемы, лічыць аналітык.

— Ніхто не ведае, што здарыцца за наступныя пяць гадоў, але пакуль трэнду [на пералом сітуацыі з падзеннем нараджальнасці і колькасці насельніцтва] не відаць. Нараджальнасць можа трохі аднавіцца, калі будзе эфект дасягнення пэўнай стабілізацыі. Я кажу не столькі пра рост даходаў (які ёсць цяпер), а хутчэй пра грамадскую стабільнасць, якой пакуль што няма. Цалкам магчыма, што калі скончыцца вайна побач, палітычная сітуацыя прыйдзе ў нейкае падабенства нормы, нараджальнасць можа трохі падрасці. Але я не бачу такога росту нараджальнасці, здольнага кампенсаваць тую смяротнасць, якая будзе ў найбліжэйшыя 5−10 гадоў.

Аналітык удакладняе, што не бачыць рэалістычнага сцэнара, пры якім Беларусь да 2030 года магла б захаваць 9 млн чалавек, улічваючы, што цяпер людзей у нашай краіне, паводле неафіцыйных звестак, жыве ўжо менш за гэтую лічбу.

Чытайце таксама