У Казахстане 17 красавіка сышоў з рэек грузавы цягнік, які вёз калійныя ўгнаенні з Беларусі ў Кітай, паведаміла «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Інцыдэнт адбыўся на станцыі Дастык у 12.43 паводле мясцовага часу (10.43 паводле Мінска). Там вагоны з беларускім хлорыстым каліем, які везлі ў Кітай, сышлі з рэек і сутыкнуліся з лакаматывам на суседніх рэйках. Пашкоджаная станцыйная інфраструктура.
Папярэдняй прычынай сходу называецца перавод стрэлкі пад рухомым саставам альбо няспраўнасць самога стрэлачнага пераводу.
«Гэтае здарэнне негатыўна паўплывала на здачу/прыём цягнікоў з Казахстанскай на Кітайскую чыгунку», — адзначаюць чыгуначнікі.