Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Пачынаючы з верасня 2022 года ў беларускіх ВНУ вывучаюць новы прадмет: «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Для гэтага створаны адмысловы падручнік, які грунтуецца на пяцітомным фундаментальным даследаванні «История белорусской государственности», што выйшла на рускай мове ў Мінску ў 2018−2020 гадах. Часопіс «Беларускі гістарычны агляд» апублікаваў на яго вельмі падрабязную рэцэнзію Рыгора Маеўскага, якая паказвае дзяржаўны падыход да інтэрпрэтацыі мінулага, а таксама катастрафічны стан цяперашніх даследаванняў па гісторыі. Прыкрыя памылкі, неверагодныя ляпы і звышспрэчныя тэзісы — пераказваем самае цікавае з гэтага тэксту.

Заўвага. Рыгор Маеўскі — верагодна, псеўданім. Вядомых беларускіх гісторыкаў з такім прозвішчам няма, аднак якасць рэцэнзіі і абазнанасць яе аўтара дазваляе ўпэўнена сцвярджаць, што тэкст напісаў прафесійны даследчык. Выкарыстанне псеўданіма можна патлумачыць тым, што крытыка дзяржаўнага падыходу да гістарычнай навукі і праўладных навукоўцаў, якія ёй займаюцца, у сучаснай Беларусі можа быць небяспечнай.

Хто аўтары? Прапагандысты і даследчыкі партыі ды камсамола

У далёкім 2004 годзе да кіраўніцтва Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прыйшла новая каманда. Яна амаль цалкам складалася з выкладчыкаў кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі (былой кафедры гісторыі КПСС) Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (БДПУ). Загадчык гэтай кафедры, доктар навук Аляксандр Каваленя, стаў дырэктарам Інстытута гісторыі, а іншых яе супрацоўнікаў прызначылі на ключавыя пасады. Як адзначае Маеўскі, менавіта каманда Кавалені «кіравала падрыхтоўкай і прасоўваннем у друк» пяцітомніка, пра які мы вядзём гаворку.

З 2009 года Каваленя з’яўляецца акадэмікам-сакратаром аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі — то-бок адказвае за развіццё ўсёй гуманітарнай сферы ў Акадэміі. У 2020 годзе ён трапіў у скандал, калі разам з кіраўніком НАН Уладзімірам Гусаковым апублікаваў антынавуковы тэкст «Белорусско-русское двуязычие — исторически сложившаяся духовно-культурная ценность народа». У ім аўтары, напрыклад, заявілі, што руская пазбаўленая недахопаў іншых моў, а на ёй сакавіта гучыць нават ненарматыўная лексіка. Гэта не перашкодзіла Каваленю пазней стаць акадэмікам.

Александр Коваленя. Фото: 1prof.by
Аляксандр Каваленя. Фота: 1prof.by

Адыёзны навукоўца адзначыўся не толькі гэтым. Яго кандыдацкая дысертацыя па гісторыі, абароненая яшчэ ў 1983 годзе, мела назву «Идейно-политическая работа партийных организаций КП(б)Б (Камуністычнай партыі Беларусі. — Заўв. рэд.) в партизанских зонах». Каваленя не знайшоў нічога лепшага, як выкарыстаць яе фрагменты ў пяцітомніку пра беларускую дзяржаўнасць. Таму ў выданні з’явіліся такія савецкія прапагандысцка-публіцыстычныя штампы, неўласцівыя навуковым працам, як «павышэнне ідэйна-палітычнага ўзроўню», «узмацненне ідэйна-палітычнай і агітацыйнай работы», «павышэнне грамадска-палітычнай актыўнасці», «ідэйна-палітычная перакананасць», «паступальны рух беларускага народа па шляху прагрэсу», «каварныя намеры ворага», «высокі маральны дух народа», «умацаванне адзінства і патрыятычных пачуццяў савецкіх людзей» і гэтак далей.

Прычым Каваленя аказаўся не адзіным аўтарам, хто выкарыстаў пяцітомнік у сваіх інтарэсах, дадаўшы ў яго кавалкі сваіх папярэдніх прац. Гэтак жа зрабіў Вячаслаў Даніловіч — яго пераемнік на пасадзе дырэктара Інстытута гісторыі (у верасні 2020-га стаў рэктарам Акадэміі кіравання пры прэзідэнце). Трэці том «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» быў прысвечаны падзеям 1917−1939 гадоў. Параграф пра моладзевы рух у БССР (фактычна пра дзейнасць камсамола) напісаў менавіта гэты прапагандыст. «Як вопытны майстар слова, ён умела пагружае чытача ўслед за сабой у загадкавы і такі прывабны свет сталінскай дыктатуры перыяду яе росквіту. Адстойваючы генеральную лінію партыі, сп. Даніловіч разам са сваімі героямі-камсамольцамі вядзе на старонках кнігі непрымірымую барацьбу з трацкістамі, бухарынцамі, правым ухілам, левымі перагібамі, нацыяналізмам усіх масцей, правакацыйнымі чуткамі, рашуча выступае супраць засмечвання ЛКСМБ і „несаюзнай моладзі“ антысавецкімі элементамі і палітычна ненадзейнымі асобамі», — іранізуе ў рэцэнзіі Рыгор Маеўскі.

А яшчэ рэцэнзент звяртае ўвагу на аб’ём таго раздзела, без якога можна было лёгка абысціся (дзейнасць камсамола даволі слаба звязаная з беларускай дзяржаўнасцю). Тым не менш ён займае каля 80 старонак кнігі, або 12,4% яе аб’ёму. Па выпадковым супадзенні Даніловіч у 2023-м абараніў доктарскую дысертацыю па гэтай жа тэме. Хутчэй за ўсё, гісторык-прапагандыст проста выкарыстаў пяцітомнік, каб мець дадатковую публікацыю ў знакавым выданні.

Вячаслаў Даніловіч. 2013 год. Фото: Pracar, CC0, commons.wikimedia.org
Вячаслаў Даніловіч. 2013 год. Фото: Pracar, CC0, commons.wikimedia.org

«Відавочна, механічны, цалкам пазбаўлены аналітычнага кампанента пераказ камсамольскіх справаздач 90-гадовай даўнасці — гэта акурат тое, што дапаможа выхаванню ў сённяшніх грамадзян IT-краіны павагі да духоўна-маральных каштоўнасцяў і культуры, пачуцця адказнасці за лёс Айчыны ды паспрыяе кансалідацыі беларускага грамадства і захаванню яго самабытнасці», — піша Маеўскі.

Рэцэнзент зазначае, што да 2020 года Інстытут гісторыі правёў па тэме «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» мноства навуковых канферэнцый, семінараў і сімпозіумаў, а таксама выдаў тры аб’ёмныя кнігі, якія, зрэшты, у значнай ступені дубліруюць адна адну. «Такая арганізацыйная і выдавецкая актыўнасць, відавочна, была б немагчымай, калі б не здольнасці былой педуніверсітэцкай каманды <…> па некалькі разоў вывуджваць з дзяржаўнага бюджэту належныя сумы на распрацоўку фактычна адной і той жа тэмы», — пісаў Маеўскі. Канчатковым вынікам гэтай працы і стаў пяцітомнік.

Каманда Кавалені па максімуму выкарыстала яго, каб яшчэ і прапіярыць уласную дзейнасць. Напрыклад, як піша Маеўскі, другая палова ўводзін да ўсяго пяцітомніка — «фактычна не што іншае, як вытворчая справаздача аб працы Інстытута гісторыі НАНБ за 10−15 гадоў», дзе аўтары ўводзін — Каваленя, Даніловіч і Мікалай Смяховіч (пра яго мы скажам крыху ніжэй) — характарызуюць зробленае імі або пад іх кіраўніцтвам так: «велізарная навукова-даследчая праца», «упершыню ў гісторыі нашай краіны», «упершыню ў гістарычнай навуцы», «на аснове найноўшых дасягненняў гістарычнай думкі».

А што ў першай частцы ўводзін? Яна паказвае, што скандал 2020 года Каваленю нічому не навучыў. У тэксце можна знайсці наступныя выказванні: «культурна-цывілізацыйнай асаблівасцю ўсходніх славян, у тым ліку беларусаў, з’яўляецца адсутнасць традыцыі экспансіі», «у славян спрадвеку сфармавана абвостранае пачуццё справядлівасці» і гэтак далей. Ніякага дачынення да акадэмічнай навукі гэта не мае — падобныя тэзісы могуць хіба што гучаць у размовах на кухні. Напрыклад, народы Сібіры, якія заваявалі рускія, пэўна не ацанілі б фразы пра «адсутнасць традыцыі экспансіі» ва ўсходніх славян.

Расійская імперыя як форма беларускай дзяржаўнасці і апраўданне русіфікацыі

Над пяцітомнікам працавалі 77 аўтараў (з іх як мінімум 21 доктар гістарычных навук) і рэдакцыйная калегія ў складзе 16−18 чалавек. За агульную метадалагічную аснову выдання адказваў згаданы ўжо Мікалай Смяховіч.

Яшчэ ў нулявыя гады гэты навукоўца заявіў, што «стан гістарычнай навукі вызначаецца найперш наасфернай яе часткай, якую прадстаўляе Інстытут гісторыі». «Наасфера, як вядома, — гэта сфера розуму, адзіным носьбітам якога сучасная навука прызнае людскую супольнасць, чалавецтва. Такім чынам, паводле Смяховіча, з ліку беларускіх гісторыкаў разумнымі істотамі і складовай часткай чалавецтва з’яўляюцца толькі супрацоўнікі акадэмічнага інстытута», — зноў іранізуе Маеўскі.

Николай Смехович. Фото: history.by
Мікалай Смяховіч з пяцітомнікам «История белорусской государственности». Фото: history.by

Меркаваць пра навуковы ўзровень Смяховіча можна і праз яго іншыя перлы. «Скажам прама, у канцы XVIII ст. французы адкрылі паняцце „нацыя“, а ў пачатку XXI ст. беларусы адкрылі паняцце „дзяржаўнасць“», — піша гісторык-прапагандыст у пяцітомніку, маючы на ўвазе ўласную працу. Праўда, каментуе рэцэнзент, апошняе паняцце выкарыстоўваецца ў навуцы ўжо самае позняе з XVI стагоддзя, калі яго ўжыў Жан Бадэн у кнізе «Метад лёгкага пазнання гісторыі» (1566).

Менавіта Смяховіч распрацаваў агульную канцэпцыю, якая выкарыстоўваецца ў выданні. Галоўная думка такая: маўляў, беларуская дзяржаўнасць з’яўляецца «непарыўным цэлым», якое быццам бы ніколі не страчвалася, таму яе і не трэба было «адраджаць». У сувязі з гэтым аўтары пяцітомніка абвяшчаюць формамі беларускай дзяржаўнасці ўсе дзяржаўныя ўтварэнні, у якія ў розныя часы ўваходзілі беларускія землі. Гэта Полацкае і Тураўскае княствы, Кіеўская Русь, ВКЛ, Рэч Паспалітая, Расійская Імперыя, БНР, БССР, ЛітБел і Рэспубліка Беларусь.

Але цяжка зразумець, чаму тая ж Расійская імперыя, дзе жылі беларусы, раптам становіцца «формай беларускай дзяржаўнасці». «Калі разважаць па такой схеме пра іншыя краіны і народы (а „новая канцэпцыя“ якраз прэтэндуе на ўніверсальнасць), то, напрыклад, Аўстра-Венгрыю трэба прызнаць гістарычнай формай чэшскай дзяржаўнасці, Асманскую імперыю — балгарскай і г.д.», — піша Рыгор Маеўскі.

Аднак, мяркуючы па ўсім, аўтары сыходзяць менавіта з такой пазіцыі. Напрыклад, другі том выдання мае дзівосную назву — «Беларуская дзяржаўнасць у перыяд Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.)». І гэта ў той час, калі, як адзначае аўтар рэцэнзіі, «урадавыя колы Расійскай імперыі лічылі беларусаў разам з велікарусамі і ўкраінцамі часткай трыадзінага рускага суперэтнасу, што гэтае адзінства, ва ўяўленнях расійскіх уладаў, прадугледжвала і адзінства дзяржаўнае, таму беларусам не пакідалася права нават на нацыянальную аўтаномію».

Як канстатуе Маеўскі, у пяцітомніка няма не толькі канцэпцыі, але і прадуманага плана.

Напрыклад, першы том мае назву «Беларуская дзяржаўнасць: ад вытокаў да канца XVIII ст.». Вытокі дзяржаўнасці аўтары знаходзяць ужо ў сярэднім палеаліце (100−40 тысяч гадоў таму). Але замест таго, каб шукаць перадумовы і разбіраць абставіны дзяржаваўтваральнага працэсу, яны займаюцца «чыстай» археалогіяй. Дзве трэці зместу тома зводзяцца да механічнага апісання археалагічных культур і помнікаў ды выяўленых знаходак. «Гаворка вядзецца выключна ў рэчышчы гісторыі матэрыяльнай культуры, а не гісторыі грамадства. У такім выглядзе гэтая частка тома не мае прамой сувязі з тэмай выдання і ўспрымаецца як цалкам чужародная», — піша Маеўскі.

Карта Российской империи в 1914 году. Фото: 1-е Государственное картографическое заведение бывш. А.Ильина via commons.wikimedia.org
Карта Расійскай імперыі ў 1914 годзе. Фота: 1-я Дзяржаўная картаграфічная ўстанова был. А.Ільіна via commons.wikimedia.org

У другім томе, пра які мы ўжо згадвалі, аўтары займаюцца спекуляцыяй вакол таго факта, што з канца XVIII стагоддзя ва Усходняй Беларусі пэўны час існавалі адміністрацыйна-тэрытарыяльныя ўтварэнні, у назвах якіх выкарыстоўваўся прыметнік беларускі: Беларуская губерня (1796−1802) і Беларускае генерал-губернатарства (1772−1856). «Маўляў, наданнем такіх найменняў расійскі імперскі ўрад прызнаваў Беларусь „тэрытарыяльна-этнічнай і адміністрацыйна-палітычнай адзінкай“, і гэта нібыта „стала палітычным фактарам у справе фармавання беларускай нацыі“. У іншым месцы існаванне Беларускай губерні з цэнтрам у Віцебску (на працягу ўсяго толькі шасці гадоў) ужо трактуецца як „асабліва значны“ фактар „для развіцця беларускай дзяржаўнасці“», — абураецца Маеўскі. У рэальнасці ж царская адміністрацыя спрабавала насадзіць пастулат пра гістарычнае і культурнае адзінства беларусаў і рускіх і абсалютна не разглядала магчымасць існавання нейкай беларускай формы дзяржаўнасці.

Аўтары другога тома не адмаўляюць правядзення палітыкі русіфікацыі беларускага насельніцтва. Але згадваюць гэта ў некалькіх абзацах і нават у нечым апраўдваюць яе: «Маўляў, гэтая лінія не прадугледжвала поўнага знішчэння мясцовых асаблівасцяў; аналагічная палітыка праводзілася і ў шэрагу еўрапейскіх краін <...>, русіфікатарская палітыка быццам бы не мела поспеху — захады па асіміляцыі нярускіх супольнасцяў ажыццяўляліся марудна, часам наогул заставаліся на паперы, а ў бюракратычным апараце заўсёды знаходзіліся людзі (прозвішчы не называюцца), якія хоць і падтрымлівалі лінію на ўмацаванне адзінай і непадзельнай імперыі, але выступалі супраць прамалінейнай русіфікацыі».

Прапаганда ідэй Сталіна і Кавалёвы, якія сталі Кузняцовымі

У трэцім томе — «Беларуская дзяржаўнасць: ад ідэі да нацыянальнай дзяржавы (1917−1939)» — аўтары паўтараюць савецкія клішэ і разглядаюць БССР як паўнавартасную нацыянальную дзяржаву. Як піша Маеўскі, гэта «істотна разыходзіцца з пазіцыяй многіх сучасных гісторыкаў, якія ацэньваюць БССР як „фіктыўнае ўтварэнне“, „сурагат нацыянальнай дзяржаўнасці“, „фантомную беларускую дзяржаўнасць“, „прывід беларускай дзяржаўнасці“ і як „пастку для беларускіх нацыяналістаў, заплаціўшых сваімі жыццямі за тое, што паверылі ў яе як сапраўдную беларускую дзяржаву“». Але пра гэта не сказана ні слова. У раздзеле пра БНР таксама не згадваюцца ні словам працы, факты ў якіх супярэчаць афіцыйнай ідэалогіі.

Нічога дзіўнага тут няма. Як піша рэцэнзент, аўтары і рэдактары трэцяга тома «ўсё яшчэ — праз трыццаць гадоў пасля распаду СССР — знаходзяцца пад уплывам савецкіх схем і стэрэатыпаў». Напрыклад, яны расказваюць пра стварэнне Савецкага Саюза і заяўляюць, што ініцыятарамі аб’яднання рэспублік у агульную дзяржаву былі самі народы гэтых рэспублік. Праўда, такую ідэю яшчэ ў 1922 годзе агучыў Іосіф Сталін. Але ўжо некалькі дзесяцігоддзяў вядомыя дакументы, з якіх відаць, што аб’яднаць рэспублікі вырашылі ў Маскве. А ўжо потым і ў адпаведнасці з зацверджаным сцэнарыем разыгралі спектакль.

Иосиф Сталин. Фото: German Federal Archive
Іосіф Сталін. Фота: German Federal Archive

Хапае ў кнізе і ляпаў, з якіх ад душы здзекуецца рэцэнзент: «Але затое (і гэта не можа не радаваць) 3-і том насычаны захапляльнымі вынаходствамі і цудоўнымі адкрыццямі па іншых пытаннях. Напрыклад, дасюль лічылася (такая аблудная версія прабралася нават у школьныя падручнікі!), быццам Сербія (разам з Чарнагорыяй і Румыніяй) стала незалежнай дзяржавай пасля расійска-турэцкай вайны 1877−1878 г.; у сапраўднасці ж, як устанавілі стваральнікі 3-га тома, сербы здабылі дзяржаўнасць на некалькі дзесяцігоддзяў пазней — толькі на пачатку ХХ ст. Таксама ўсе падручнікі і энцыклапедыі хлусліва цвердзяць, быццам Віленская беларуская рада была абрана на Беларускай канферэнцыі ў Вільні ў студзені 1918 г.; але ж не — яна, як высвятляецца, дзейнічала яшчэ ў 1915−1917 г., выступаючы за аб’яднанне Літвы і Беларусі ў адной дзяржаве».

Хапае ў пяцітомніку і банальных памылак з прозвішчамі. Вось самая недарэчная з іх: аўтары напісалі, што ў 1938 годзе членамі Бюро ЦК кампартыі Беларусі выбралі «А. Кузнецова, М. Кузнецова». У рэальнасці гэтых людзей звалі Апанас Кавалёў і Міхаіл Кавалёў. Рэцэнзент зазначае, што спачатку здзівіўся, як аўтары маглі паблытаць настолькі непадобныя прозвішчы. Але потым выказвае наступную здагадку: яны карысталіся беларускамоўнай першакрыніцай і разам з тэкстам пераклалі на рускую мову і прозвішчы — «каваль» па-руску гэта «кузнец». Дадамо ад сябе, што такое магло здарыцца пры аўтаматычным перакладзе спецыяльнымі праграмамі ці сервісамі ў інтэрнэце.

Чацвёрты том пад назвай «Беларуская дзяржаўнасць напярэдадні і ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага аднаўлення» ахоплівае перыяд з 1939 да 1953 года.

«У прадмове да тома <…> канстатуецца, што нацысцкае кіраўніцтва Германіі не ставіла мэту „захавання незалежнай Беларусі“. Атрымліваецца, што да вайны Беларусь ужо была незалежнай краінай? (Адстойваць, захоўваць можна толькі тое, што ўжо ёсць у наяўнасці.) Аднак далей высвятляецца, што БССР толькі пасля вайны атрымала права <…> „на правядзенне знешнепалітычнай дзейнасці“, без якога пра сапраўдную незалежнасць не можа быць гаворкі. А яшчэ праз дзесяць старонак насуперак сказанаму на пачатку прызнаецца, што статус „незалежнай і суверэннай дзяржавы“ Беларусь здабыла толькі ў 1991 годзе», — адзначае дзіўныя супярэчлівасці Рыгор Маеўскі.

У кнізе амаль што цалкам пазітыўна расказваецца пра пакт Молатава — Рыбентропа, паводле якога Сталін і Гітлер падзялілі зоны ўплыву ва Усходняй Еўропе і распачалі шэраг узброеных канфліктаў, у тым ліку Другую сусветную вайну. Маўляў, дадзеныя дамоўленасці паміж Германіяй і СССР «не рабілі іх саюзнікамі ні фармальна, ні фактычна». Праўда, у выданні адначасова публікуецца выказванне Адольфа Гітлера, дзе той адназначна называе маючае адбыцца пагадненне «саюзам з Расіяй». Сотні старонак у 4-м томе адведзены апісанню ваенных дзеянняў (у тым ліку больш за 100 старонак — барацьбе савецкіх партызан і падпольшчыкаў на акупаванай тэрыторыі). Але з тэмай беларускай дзяржаўнасці гэта ніяк не звязана.

Крытыка свабодных выбараў і Усебеларускі народны сход як інстытут «нацыянальнай мадэлі дэмакратыі»

Апошні, пяты том мае назву «Нацыянальная дзяржаўнасць на пераломе эпох (другая палова ХХ — пачатак ХХІ ст.)». Але, негледзячы на тое, што гэта сапраўды гістарычны момант для беларускай дзяржаўнасці, акцэнт у ім робіцца не на Беларусь, а на СССР. «Дзясяткі і сотні старонак гэтай часткі тома запоўнены стамляльным цытаваннем і пераказам рашэнняў з’ездаў КПСС, пастаноў ЦК КПСС і саюзнага ўрада, адносна якіх органы кіравання БССР выступаюць толькі паслухмянымі і стараннымі выканаўцамі. Галоўнымі героямі раздзелаў фактычна выступаюць не кіраўнікі і іншыя дзеячы Беларусі (яны найчасцей фігуруюць хіба што на фотаздымках), а Мікіта Хрушчоў і Леанід Брэжнеў (хутчэй як станоўчыя персанажы) ды Міхаіл Гарбачоў — адназначна адмоўны персанаж (мабыць, таму што адным з пабочных вынікаў яго палітыкі стала магчымасць здабыцця беларусамі сваёй суверэннай дзяржаўнасці)», — адзначае рэцэнзент.

Михаил Горбачев и Борис Ельцин на экстренном заседании Верховного совета в Москве 23 августа 1991 года. Фото: Reuters
Міхаіл Гарбачоў і Барыс Ельцын на экстраным пасяджэнні Вярхоўнага савета ў Маскве 23 жніўня 1991 года. Фота: Reuters

Праўда, аўтары прыводзяць надзвычай красамоўныя факты і лічбы пра імклівае звужэнне сферы выкарыстання ў БССР беларускай мовы. Калі ў 1955/56 навучальным годзе 94,5% школ рэспублікі працавалі на беларускай мове і на ёй навучалася 78,5% школьнікаў, то ў 1985/86 навучальным годзе (праз 30 гадоў) школ з беларускай мовай навучання засталося 69,8%, а вучняў — толькі 23%. Але гэтыя працэсы называюцца «ўніфікацыяй» і «інтэрнацыяналізацыяй» (на тэрмін «русіфікацыя» ў дачыненні да савецкага перыяду накладзена табу). Пры гэтым аўтары цынічна сцвярджаюць, што «дзякуючы клопату дзяржавы» ды працы партыйных камітэтаў адбывалася «пашырэнне» і «ўмацаванне» нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Як гэта суадносіцца з татальнай русіфікацыяй, не тлумачыцца.

Паказальны раздзел пра перабудову. Яго аўтары — Мікалай Смяховіч і Мікалай Несцяровіч, які абараніў дысертацыю на тэму «Идейно-политическое воспитание трудящихся Белорусской ССР в 1944–1950 гг.» — робяць выснову пра згубнасць розных нечаканых пераўтварэнняў у дзяржаве. Напрыклад, насцярожанасць у іх выклікаюць выбары народных дэпутатаў, якія ў СССР у час перабудовы сталі праводзіцца на альтэрнатыўнай аснове (дагэтуль кандыдат звычайна быў адзін, а таму выбараў фактычна не было), і тайнае галасаванне пры фармаванні партыйных органаў (дагэтуль людзей у іх прызначалі зверху).

«Падзеі жніўня 1991 г. (спроба адхілення Гарбачова ад улады і захавання СССР у старым фармаце, здзейсненая шэрагам высокіх савецкіх чыноўнікаў. — Заўв. рэд.) ацэньваюцца як спроба ГКЧП ажыццявіць дзяржаўны пераварот, якая правалілася. Пасля гэтага, як высвятляецца, пераварот здзейсніў прэзідэнт РСФСР Барыс Ельцын, прыпыніўшы на тэрыторыі Расіі дзейнасць арганізацый КПСС. Завяршылі гэты (другі) пераварот удзельнікі V з’езда народных дэпутатаў СССР (у большасці камуністы), якія 5 верасня 1991 г. прынялі рашэнне аб самароспуску, чым „здрадзілі свайму народу“. Застаецца непраясненым, у чым палягала здрада і на карысць каго была ўчынена, бо тут жа прызнаецца, што „шырокія партыйныя і народныя масы“, працоўныя саюзных рэспублік, у тым ліку Беларусі, не сталі на бок змоўшчыкаў-путчыстаў, а падтрымалі дзеянні прэзідэнта Расіі. Ці не азначае гэта, што дэпутаты здрадзілі народу на карысць… самога народа?» — іранізуе Рыгор Маеўскі.

Натуральна, аўтары не абыходзяцца без апалагетыкі цяперашняй формы кіравання ў Беларусі. Напрыклад, Усебеларускі народны сход называецца адным з інстытутаў «нацыянальнай мадэлі дэмакратыі». УНС вызначаецца як «форма прамога народаўладдзя». Праўда, прамая дэмакратыя прадугледжвае магчымасць удзелу ў прыняцці рашэнняў усіх дарослых грамадзян краіны. На УНС жа рашэнні прымаюцца некалькімі тысячамі дэлегатаў. Нават у Канстытуцыі Сход называецца найвышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя, але ніяк не прамым.

Скриншот: «Беларусь 1»
Усебеларускі народны сход. Скрыншот: «Беларусь 1»

Рыгор Маеўскі прызнае: пяцітомнік «утрымлівае некаторыя цікавыя тэксты, напісаныя на падставе малавядомых крыніц і з прымяненнем сучаснай метадалогіі, кожны з якіх сам па сабе ўяўляе пэўную навуковую вартасць. Але гэта асабістая заслуга іх аўтараў». У цэлым жа выданне, на яго думку, з якой цяжка не пагадзіцца, можна лічыць правальным.

Пасля выхаду другога тома згаданы Мікалай Смяховіч заявіў, што «такой кнігі няма ні ў адной краіне свету. <…> Упершыню ў сусветнай гістарыяграфіі адбыўся прарыў у адносінах да падрыхтоўкі і выдання новага пакалення навуковай літаратуры пад назвай „Гісторыя дзяржаўнасці“».

«Прачытаўшы за раз усе тамы, мы ахвотна з такой ацэнкай пагаджаемся, бо ў гэтых выказваннях, без сумневу, ёсць свая сярмяжная праўда, — піша рэцэнзент. — Шчыльнае знаёмства з рэцэнзаваным выданнем сапраўды наводзіць на думку, што наўрад ці хоць у адной краіне свету навуковы прадукт падобнай якасці змог бы ўбачыць свет — тым больш пад эгідай такой сур’ёзнай установы, як Нацыянальная акадэмія навук».