Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 1 лістапада прынялі ў першым чытанні законапраект «Пра змяненне законаў па пытаннях забяспечання нацыянальнай бяспекі». Як нядаўна расказвала «Люстэрка», ён уключае шмат важных змяненняў што да вайсковай службы і мабілізацыі.
Асноўныя новаўвядзенні, прадугледжаныя законапраектам:
- выклікаць грамадзян у ваенкамат, у тым ліку падчас мабілізацыі, можна будзе не толькі папяровай позвай, але і простым SMS-паведамленнем;
- папяровыя позвы цяпер могуць падпільнаваць прызыўніка не толькі дома, а наогул у любым месцы (іншыя папраўкі пазней забяспечаць, што SMS-позва і адпраўленыя на адрас прызыўніка лісты будуць лічыцца дастаўленымі і атрыманымі амаль у любым выпадку);
- у ваенкамат трэба будзе паведамляць не толькі пра змену свайго адрасу, але і пра змену нумара тэлефона;
- узмацняецца адміністрацыйная адказнасць за няяўку ў ваенкамат і крымінальная адказнасць за ўхіленне ад вайсковай службы;
- пастаноўка на вайсковы ўлік будзе весціся з 17, а не з 16 гадоў;
- на вайсковую службу па кантракце можна будзе набіраць людзей любога ўзросту, людзей, якія знаходзяцца пад следствам, з непагашанай судзімасцю, зняволеных з калоній — такое рашэнне зможа прыняць Лукашэнка, калі гэта спатрэбіцца для «забяспечання інтарэсаў абароны і нацыянальнай бяспекі»;
- змяняецца пералік грамадзян, якім належаць адтэрміноўкі пры мабілізацыі;
- павышаецца ўзрост знаходжання ў запасе для вайсковаабавязаных жанчын-радавых;
- грамадзян пачынаючы з 16 гадоў змогуць прыцягваць да выканання работ абароннага характару ў мірны час;
- пры ваенкаматах і органах дзяржбяспекі створаць «атрады ўзмацнення» з добраахвотнікаў, якія будуць дапамагаць сілавікам у правядзенні прызыву і мабілізацыі;
- удакладняюцца сацыяльныя гарантыі і кампенсацыі для работнікаў у сувязі з выклікам у ваенкамат і прызывам на службу;
- службовыя асобы органаў дзяржбяспекі атрымаюць паўнамоцтвы складаць адміністрацыйны пратакол за няяўку па прызыве.
Акрамя таго, як паведаміла Палата прадстаўнікоў 1 лістапада, новы закон дасць вайсковым камісарам «права абмяжоўваць выезд за межы краіны грамадзян, якія парушаюць абавязкі вайсковага ўліку і ўхіляюцца ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу».
У рэчаіснасці такое права ёсць у ваенкаматаў і цяпер, але з адным адрозненнем. У гэтым законе ідзе гаворка пра тых, хто ўхіляецца ад прызыву на «вайсковую службу, службу ў рэзерве», а цяпер будзе — «ад прызыву на вайсковую службу». Вайсковая служба — больш шырокае паняцце, якое ўключае ўсе віды службы — і вайсковую (непасрэдна служба ў арміі), і службу ў рэзерве, і выклікі на вайсковыя і спецыяльныя зборы ў перыяд знаходжання ў запасе. Словам, падобна, што цяпер накласці забарону на выезд за мяжу ваенкаматы змогуць наогул пры любым выпадку няяўкі або невыканання абавязкаў па ўліку.
Таксама ў парламенце паведамілі, што папраўкі ў законы забяспечваюць прававую абарону медыцынскіх работнікаў з мэтай выключэння магчымых для іх негатыўных наступстваў, калі салдата тэрміновай службы, якога яны прызналі прыдатным і які быў адпраўлены служыць, пасля звальняюць па стане здароўя.
Прагледзеўшы яшчэ раз законапраект, мы выявілі ў ім наступныя папраўкі:
- з медыкаў, якія даюць заключэнне пра стан здароўя прызыўніка, сябраў прызыўных камісій, іншых службовых асобаў здымаецца адказнасць за дзеянні, якія спрыяюць «незаконнаму прызыву грамадзян на вайсковую службу». Застанецца толькі адказнасць за дапамаганне ўхіленню ад выканання вайсковага абавязку;
- шараговыя дактары — хірург, неўролаг, афтальмолаг і іншыя — цяпер не будуць уваходзіць у склад камісіі, якая займаецца аглядам прызыўнікоў і робіць заключэнне пра іх прыдатнасць. То-бок спецыялісты будуць даваць заключэнні пра здароўе прызыўнікоў, але сябрам камісіі, якая прымае рашэнні, будзе толькі доктар, што кіруе працай дактароў-спецыялістаў.
Законапраект яшчэ мусіць прайсці другое чытанне ў парламенце, затым яго — цалкам магчыма, што даволі хутка — ухваліць Савет Рэспублікі і падпіша Лукашэнка. Пасля гэтага асноўныя палажэнні новага закона ўступяць у сілу адразу пасля афіцыйнага апублікавання.
Чытайце таксама