Да 2020 года Ірына Лукашэнка працавала ў ІТ-кампаніі менеджаркай праектаў, чытала навіны, але палітыкай цікавілася не вельмі — была ўпэўненая, што ад яе нічога не залежыць. Апошнія выбары натхнілі дзяўчыну, і яна ўключылася ў палітычнае жыццё Беларусі: выходзіла на пратэсты і актыўна валанцёрыла. Праз гэта ёй давялося з’ехаць ва Украіну. Вось ужо амаль два гады яна жыве і працуе ў Кіеве, адкуль не захацела з’язджаць нават пасля пачатку вайны. Пра жыццё ва Украіне падчас вайны, стаўленне да беларусаў і прозвішча, якое асацыюецца з палітыкам, што падтрымаў Расію, Ірына расказала «Люстэрку».
«У пачатку 2022-га разумела, што нешта будзе, але ў той жа час спадзявалася, што нічога не здарыцца»
Ірыне 26 гадоў. Яна размаўляе з намі з Кіева. Спачатку дзяўчына ўвогуле не планавала заставацца ва Украіне, канцавым пунктам у траўні 2021-га была Польшча. Але ў першы дзень ва ўкраінскай сталіцы беларуска адчула сябе такой шчаслівай, што пытанне пра пераезд пачало адсоўвацца на другі (а то і трэці) план.
— Пражыла лета і зразумела, што больш нікуды не паеду. Напэўна, гэта проста мой горад. Мне падабаецца, як ён выглядае, што ён вялікі, архітэктура, прырода, ёсць рака. Тут шмат актыўнасцяў, тут я на сваім месцы, — кажа Ірына. — Пасля пераезду працавала дыстанцыйна. Працягвала валанцёрыць для Беларусі. А восенню 2021-га прыйшла ў OZON (ініцыятыва ўкраінскага Цэнтра грамадзянскіх свабод, яе валанцёры назіраюць за дзейнасцю праваахоўных органаў, судоў і органаў мясцовага самакіравання. — Заўв. рэд.).
Мірнае жыццё ва Украіне скончылася праз восем месяцаў пасля пераезду Ірыны, у адзін момант яно напоўнілася болем і страхам. Але для дзяўчыны — яшчэ і жаданнем дапамагаць усім, каму атрымаецца.
— У пачатку 2022 года я ўжо разумела: нешта будзе. Але ў той жа час жартавала і спадзявалася, што нічога не здарыцца. Сябры мне пісалі: «Трэба з’язджаць». Але я адмаўлялася. І вось 24 лютага ўсе казалі: «Ну што, перадумала?» — са смехам згадвае суразмоўніца.
Раніцай 24 лютага Ірына прачнулася не ад выбухаў (яна жыве на левым беразе Кіева, там было менш абстрэлаў), а ад званка маці іншага беларуса, былога палітвязня. Дзяўчына дапамагала яму, а той раніцай яшчэ і супакойвала ягоную маці — жанчына не магла звязацца з сынам. І толькі пасля размовы дзяўчына прачытала навіны — а там вайна.
— Я цяпер расказваю і разумею, што на ўсе сур’ёзныя сітуацыі рэагую жартамі. Каб было лягчэй, напэўна, — заўважае яна. — Мы тады былі разам з сяброўкай і пачалі думаць: а мы што, а мы куды? Сядзелі на кухні, а тут нешта бахнула. Падумалі: можа, сусед зверху ляснуў дзвярыма. А праз дзве хвіліны навіны: выбух на левым беразе. Вядома, было страшна, незразумела, што рабіць. Але ў моманце мы ўсё гэта ператваралі ў жарты. Напрыклад, вечарам пайшлі да іншых сяброў, каб пераначаваць разам. Хтосьці спаў, хтосьці дзяжурыў. І вось паветраная трывога, а ў нас спіць чалавек. Мы думаем: будзіць ці не? А тут у акно бачым, як штосьці разрываецца ў небе. І такія: ну і хай спіць.
«Кожны раз, калі мне казалі пра ад’езд з Украіны, я плакала»
Сядзець дома і кожныя 15 хвілін бегаць у бамбасховішча не падабалася ні Ірыне, ні яе сяброўцы. Дзяўчаты вырашылі, што хочуць нечым дапамагаць, і паехалі ў Львоў. Там беларускі былі тры тыдні: удзельнічалі ў арганізацыі шэлтара для тых, хто ўцякае ад вайны, куплялі прадукты, дапамагалі эвакуявацца і гэтак далей.
— Жадання з’ехаць не было, — адразу адзначае Ірына. — Вядома, і на працы, і мая сям’я, і сябры хацелі, каб я з’ехала. І гэта цалкам нармальная пазіцыя, бо тады я была б ў бяспецы. Але кожны раз, калі мне гэта казалі, я плакала. І нават не хацела пра гэта думаць.
Ад’езд з Украіны дзяўчына не разглядала яшчэ і таму, што для ее гэта быў бы білет у адзін канец. Ірына чакае статусу бежанкі, усе яе дакументы ляжаць у міграцыйнай службе, а замест іх — паперка, у якой напісана, што яна звярнулася па абарону. Тэарэтычна беларуска і цяпер можа адмовіцца ад бежанства, забраць дакументы з міграцыйнай службы і з’ехаць, але рабіць гэта не хоча катэгарычна.
20 сакавіка 2022 года дзяўчына вярнулася ў Кіеў, працягвала працаваць і валанцёрыць. У лістападзе звольнілася з працы — і з таго моманту ўвесь час аддае дапамозе іншым, а жыве на ўласныя зберажэнні.
— З OZON я працягваю працаваць, назіраю за судамі, а калі зрэдку бываюць нейкія маршы — за імі таксама. Напрыклад, калі было 40 дзён з падзеяў у Аляноўцы, — апісвае Ірына сваю цяперашнюю дзейнасць. — Яшчэ ёсць арганізацыя «Марш жанчын», што дапамагае жанчынам, у тым ліку тым, хто мае інваліднасць і дзяцей. Я туды прыйшла, калі ў Кіеве адкрыўся іх хаб (раней ён быў толькі ў Львове). Спачатку дапамагала чым магла, а цяпер займаюся пошукам скрынак для гуманітарных набораў. Я разгарнула цэлую кампанію, супрацоўнічаю з рэстаранамі Кіева. А нядаўна арганізоўвала марш памяці Міхаіла Жызнеўскага і ўсіх загінулых на вайне беларусаў. Таксама калі да мяне звяртаюцца беларусы з пытаннямі, магу падказаць, куды ісці і што рабіць. І ў дадатак валанцёру ў арганізацыі, якая дапамагае анлайн-адукацыі беларусаў. Таму што найлепшае, што цяпер можна рабіць, — гэта развівацца і ўкладаць у сябе (бо адкрыта змагацца ў Беларусі немагчыма). Асабліва калі людзі раней не цікавіліся правамі чалавека, палітыкай, псіхалогіяй і гэтак далей.
На пытанне, як атрымліваецца «вывозіць» усё гэта і столькі часу дапамагаць іншым, Ірына адказвае: «Такія рэчы не толькі забіраюць, але і даюць».
— Я пастаянна працую ў арганізацыях, але перыядычна раблю штосьці разавае. Напрыклад, ездзіла ў Харкаўскую вобласць, у Херсон пасля вызвалення. Гэта вельмі цяжка і забірае сілы. У Херсоне пастаянна выбухі, ты сустракаеш людзей, якія вось проста цяпер страцілі дом, — згадвае суразмоўніца. — Але калі знаходзішся ў Кіеве, у адноснай бяспецы, і дапамагаеш тут, то ужо наадварот — больш атрымліваеш, чым траціш. Таксама я штосьці раблю ў Кіеве для беларусаў (напрыклад, мы з сябрамі арганізоўвалі Дзень роднай мовы), бо нас тут шмат, і я хачу, каб мы былі разам. І вось такое толькі дае. Ты зробіш штосьці — і пасля тыдзень лётаеш, бо ўсё атрымалася класна.
«Можаш пабачыць кроў на асфальце, пакуль ідзеш у кавярню»
Паездкі ў рэгіёны, дзе ідуць актыўныя баявыя дзеянні, змянілі адчуванне вайны для Ірыны. Дзяўчына прызнаецца: раней на пытанне, як жывецца ў Кіеве падчас вайны, яна адказала б інакш. Але праз тое, што яна была ў Сумскай вобласці, у Херсоне, усё стала ўспрымацца па-іншаму.
— Мне стала спакайней ў Кіеве, я прыняла тое, што адбываецца. Таму што там ты ходзіш пад выбухамі, чуеш іх пастаянна. Там ты не ў бяспецы, там страшна, незразумела. Можаш ісці і чуць абстрэлы. Я разумею, што і тут можа нешта здарыцца, таму заўсёды нашу з сабой аптэчку. Маральна я гатовая да ўсяго, разумею, што не застрахаваная. Але ў Кіеве не страшна, — упэўнена кажа дзяўчына. — Да таго ж ужо больш за год ідзе вайна, і я некалькі разоў прайшла курс па тактычнай медыцыне, хадзіла на тактычную падрыхтоўку, прыкладна разумею, што рабіць. Я была ў месцах, дзе ёсць загінулыя людзі і зруйнаваныя дамы, убачыла, як гэта бывае, і алгарытм ведаю. Таму калі штосьці здарыцца — зраблю ўсё, каб выратаваць ці сябе, ці чалавека, які будзе побач.
Праўда, нават калі атрымліваецца прызвычаіцца да ваеннага жыцця, навіны перыядычна ўсё роўна выбіваюць з раўнавагі. Напрыклад, калі здараюцца абстрэлы і ёсць загінулыя. Ірына прыводзіць прыклад: ноччу 2 сакавіка ў Запарожжы ракета трапіла ў пад’езд, і былі ахвяры. І бачыць такое ўсё роўна цяжка, нават праз год вайны, кажа яна.
— Але я разумею, што цяпер такая рэчаіснаць, мы жывём у такім свеце. Ты можаш проста ісці па Кіеве і аказацца перад разбураным домам, бо туды трапіла ракета, а дом дагэтуль не адбудаваны. Альбо можна пабачыць кроў на асфальце, пакуль ідзеш у кавярню. Вось такі дысананс, — дадае Ірына.
«Я Лукашэнка са знакам „плюс“»
Прозвішча Лукашэнка з Ірынай толькі з 2018 года, калі яна выйшла замуж. Да гэтага яна была Ірынай Кузьміной.
— Калі я пазнаёмілася з былым мужам, я не ведала яго прозвішча. Праз некалькі дзён пасля сустрэчы ён знайшоў мяне ў сацсетцы. Уявіце маё здзіўленне! Як такое магло здарыцца? Што пайшло не так, што такога чалавека так завуць? — са смехам успамінае яна. — Перад вяселлем усе пыталі: чаму мяняеш прозвішча? Можна ж пакінуць сваё. Але, напэўна, мяне так выхавалі, што я нават не думала не мяняць: мы ж адна сям’я, будуем нашую будучыню. Я ведала, што хачу быць з гэтым чалавекам, нават з такім прозвішчам.
Пра прычыны расставання Ірына не кажа, але згадвае: з Беларусі яна з’ехала на наступны дзень пасля разводу і проста не паспела памяняць прозвішча, а праз консульства гэта зрабіць нельга. У 2021 годзе яна была ўпэўненая, што хутка вернецца і вырашыць пытанне, але момант вяртання ўсё адкладаецца. Таму цяпер дзяўчына ставіцца да пытання па-філасофску: ну, ёсць прозвішча і ёсць.
— Ва Украіне праз яго пытанняў не было. Гэта ўвогуле ўкраінскае прозвішча, яно тут сустракаецца часцей, чым у нас, — расказвае яна. — Вядома, калі яго чуюць, ёсць увага. Але ва Украіне негатыву няма, часцей жарты. Напрыклад, хаджу ад OZON на суды, і на ўваходзе трэба паказваць пашпарт. І калі я пачала рабіць гэта ў пачатку вайны, то давала дакументы вельмі асцярожна, мне было сорамна і праз прозвішча, і праз нацыянальнасць. Але я ж раблю добрую справу. І аднойчы ў судзе мне так і сказалі: «Вы чаго? У вас нармальнае прозвішча. У мяне прозвішча горшае, Жывадзёр». Пасмяяліся і разышліся. Часам людзі задаюць пытанні. Зразумела, самае частае: «А ты што, сваячка?» Прычым перыядычна бачна: чалавек нібыта жартуе, але ўсё роўна напружыўся. А вось у Беларусі людзі аж хваляваліся. Гэта было заўсёды, калі гучала маё прозвішча (смяецца). А калі я была ў шпіталі, усіх называюць па прозвішчы, а мяне — па імені. «Ірына Дзмітрыеўна, заходзьце». Не ведаю, што было б цяпер — можа, плявалі б у мяне (смяецца). Але тады ўсім было страшна.
Да ўвагі іншых Ірына ставіцца разважліва, з гумарам. Лічыць, што хутчэй за ўсё такі спакой у яе праз тое, што Лукашэнка яна толькі з 2018 года. А вось калі б такое прозвішча было з дзяцінства, рэагавала б па-іншаму: ці злавалася б, ці закочвала вочы.
— Бо людзі думаюць, што яны такія ўнікальныя і першыя задаюць такое пытанне, а ты чуеш яго ад кожнага, — тлумачыць дзяўчына. — Але ў апошнія паўгода прозвішча стала брэндам (смяецца). Была гісторыя на сустрэчы з Зянонам Пазняком у Кіеве. Тады я не думала з ім знаёміцца, проста прыйшла, бо там былі беларусы, а ў мяне — вольны час. Але ён са мной сам пазнаёміўся. Захацеў гэта зрабіць толькі праз маё прозвішча. І сфатаграфавацца прапанаваў сам: «Глядзіце, гістарычны момант, Пазняк і Лукашэнка» (смяецца). Потым я паклікала яго на марш памяці Міхаіла Жызнеўскага і іншых загінулых беларусаў. Ён выступіў там, а пасля падышоў да мяне і папрасіў нас сфатаграфаваць. Помню, сказаў: «Вось там Лукашэнка з мінусам, а ты — Лукашэнка з плюсам». І, напэўна, я гэта так і ўспрымаю. Магу паказваць, што прозвішча не прысуд і нават з ім можна быць добрым чалавекам.
Дарэчы, з Аляксандрам Лукашэнкам дзяўчына аднойчы бачылася. Гэта было ў 2009 годзе, калі ёй было 12 і яна вучылася ў віцебскай гімназіі для таленавітых дзяцей (праз два гады гімназія стала кадэцкім вучылішчам). Палітык тады прыязджаў адкрываць спарткомплекс гімназіі. Дзяўчына згадвае: у той момант нават ганарылася, што ўбачыла прэзідэнта.
«Да мяне ставяцца добра, бо я тут, да беларусаў — агулам дрэнна, бо яны не спыняюць ракеты рукамі»
Змены ў стаўленні ўкраінцаў да беларусаў адбываюцца на вачах Ірыны. Дзяўчына шмат рэфлексуе наконт гэтага і адзначае: мы сапраўды мала ведаем пра ўкраінцаў, а яны — пра нас. І праз гэта ўзнікаюць пытанні адно да аднаго.
— У пачатку вайны я шмат гаварыла пра тое, што адбываецца, што ўсе мяне ненавідзяць, бо я беларуска, што не даюць рабіць тое, што я хачу, не даюць дапамагаць, — расказвае Ірына. — У Львове я перыядычна сутыкалася з праблемамі. Напрыклад, мы з сябрамі хацелі паехаць на мяжу і прынесці людзям ежы і вады, бо яны стаялі там па тры дні, а нам не давалі гэта зрабіць. Праўда, цяпер разумею, што шмат праблем было праз тое, што мы самі асцерагаліся нешта рабіць, бо баяліся рэакцыі. Ці аднойчы ў Львове нас спыніла мясцовая тэрабарона. Яны пачалі наязджаць, дзяўчаты заплакалі, ледзь да бойкі не дайшло. А ўсё таму, што ў машыны былі беларускія нумары — гэта стала чырвонай анучай. Напэўна, дагэтуль ёсць людзі, якія адразу кідаюцца, бо ўбачылі, што самалёт падняўся ў неба з Беларусі, і ім трэба кудысці выплюхнуць гэтую злосць.
Сама Ірына прызнаецца, што з негатывам праз свой пашпарт пакуль не сутыкалася. Прычым як у валанцёрскім асяроддзі, дзе ўсе разумеюць, навошта яна ў Кіеве і што робіць, так і проста на вуліцы.
— Напрыклад, некалькі тыдняў таму мы з іншымі беларусамі сядзелі ў кавярні. Людзі пачулі, што мы размаўляем па-беларуску, і самі з намі загаварылі. Яны аказаліся валанцёрамі з фонда Прытулы. І пачалі казаць: «Дзякуй вам за тое, што вы тут, што вы дапамагаеце, што размаўляеце на сваёй мове». Самі вырашылі падысці да нас і сказаць гэта, — падкрэслівае дзяўчына. — Тое, што пішуць у інтэрнэце, — гэта іншае, не рэальная сітуацыя. Вось я хаджу ў краму, замаўляю штосьці па-беларуску, і мне кажуць: «О, а вы ж беларуска, а я была ў Беларусі!» Ці саджуся ў таксі, кіроўца штосьці пытае, я пачынаю адказваць на беларускай мове — і ён такі: «О, жыве Беларусь!» То-бок нават звычайныя людзі, якія не ведаюць, што я валанцёрка, калі чуюць беларускую мову, адразу кажуць нешта добрае. Не было такога, што мне казалі: «Ах ты, ідзі адсюль».
Праўда, змены ў стаўленні ёсць, не адмаўляе Ірына. Перш за ўсё з боку дзяржаўнай бюракратычнай сістэмы, пачынаючы ад банкаўскіх рахункаў і заканчваючы легалізацыяй. Самой суразмоўніцы з гэтым пашанцавала, ды і грошы з карткі яна зняла загадзя, а вось іншыя беларусы сутыкнуліся з праблемамі:
— Мы з сяброўкай, з якой і сустрэлі вайну, год спрабавалі зрабіць ёй дакументы. І нічога. Яна цяпер у Варшаве. І яна не адзіная. Нядаўна я была сведкай на судзе майго знаёмага, яго затрымалі ў лістападзе, бо ён быў без дакументаў (не змог атрымаць). Добрыя выпадкі таксама ёсць, проста калі чалавек зрабіў дакументы, ён хутчэй за ўсё будзе пра гэта маўчаць. ВНЖ па сям'і і працы звычайна працягваюць, але калі ВНЖ па валанцёрстве, то тут большы працэнт адмоваў. Але са структурамі цяжка: сам чалавек на месцы можа разумець беларусаў, але структура не мае алгарытму, як быць.
Ірына расказвае: не так даўно яна дапамагала сяброўцы-журналістцы здымаць апытанне жыхароў Кіева пра тое, што яны ведаюць пра Беларусь. І амаль ніхто нічога не адказаў. Хтосьці добра ставіцца, хтосьці дрэнна, але амаль ніхто не ведае, што адбываецца ў нашай краіне.
— Гэта вялікая праблема. То-бок да мяне могуць ставіцца добра, бо я тут, у мяне добрая рэпутацыя, але да беларусаў агулам ставяцца дрэнна, бо яны не спыняюць ракеты рукамі. Таму цяпер трэба расказваць і даведвацца адно пра аднаго, — упэўненая беларуска. — Але не думаю, што сітуацыя зменіцца, пакуль ідзе вайна і пакуль ёсць хаця б нейкая імавернасць, што з нашай тэрыторыі пойдуць войскі. Ды і пасля вайны спатрэбіцца шмат часу.
Планы на будучыню ў валанцёркі адназначныя: заставацца ў Кіеве і працягваць сваю дзейнасць.
— Не хачу нічога мяняць і не бачу іншых варыянтаў. Я цяпер проста не ўяўляю, як можна з’ехаць і жыць нейкае іншае жыццё, не разумею. Бачу будучыню толькі ў тым, каб штосьці рабіць і змяняць. Хіба што хутка пачну шукаць працу, — адзначае Ірына.
З месцам будучага жыхарства яна таксама вызначылася: дзякуючы таму, што яна шчаслівая ў Кіеве, амаль няма суму па нейкім іншым месцы ў Беларусі.
— Але, вядома, я сумую па людзях, якія там засталіся. Я б хацела пабачыць сваіх блізкіх. Тое, што я не магу гэта зрабіць — напэўна, адзінае, што мяне выводзіць з раўнавагі, — прызнаецца Ірына. — Цяпер я дапамагаю тут, але таксама вельмі хачу спрыяць зменам у лепшы бок у Беларусі, таму буду рабіць усё магчымае. Я люблю планаваць і ўжо вырашыла для сябе, што буду жыць на две краіны: дапамагаць у Беларусі, а жыць ва Украіне, бо ў Кіеве я, а там — праца. Але я вельмі хачу вяртацца ў Беларусь. Першае, што зраблю — прыеду ў родны дом абдымацца з бацькамі.