Ва Украіне затрымалі ўраджэнца Жытомірскай вобласці, які арганізаваў канал «дапамогі» ўкраінцам, што ўцякаюць ад мабілізацыі ў Беларусь, Малдову і еўрапейскія краіны, піша «Радыё Свабода».
Паводле судовай пастановы, якая ёсць у распараджэнні выдання, яго затрымалі падчас спробы незаконнага перасячэння мяжы. Супраць яго распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 114−1 і ч. 2 арт. 332 КК (Перашкаджанне законнай дзейнасці Узброеных сіл Украіны ў асаблівы перыяд і незаконнае перапраўленне асобаў праз мяжу). Затрыманаму пагражае турэмнае зняволенне на тэрмін ад 5 да 8 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю на тэрмін да 3 гадоў.
Украінца затрымалі 2 жніўня падчас спробы збегчы ў Беларусь праз Чарнобыльскую зону. Цяпер ён знаходзіцца ў Чарнігаўскім следчым ізалятары.
Перад сваім затрыманнем украінец даў інтэрв'ю беларускай прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай, у якім пахваліўся сваёй дзейнасцю, расказаў пра свае погляды на мабілізацыю і развіццё Украіны.
Што высветліла следства
Следчыя высветлілі, што затрыманы адміністраваў тэлеграм-каналы «1 РеалТВ Запись трансляций» (205 удзельнікаў), «1 Реальное телевидение» (919 удзельнікаў), «1RegionTelevision» (14 909 удзельнікаў), у якіх абмяркоўвалася незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы з мэтай унікнуць мабілізацыі і спосабы гэта зрабіць.
Нумары тэлефонаў затрыманага былі прывязаныя да названых каналаў (яны цяпер заблакаваныя). Тыя, хто скарыстаўся дапамогай гэтых суполак, мусілі запісваць відэа і перадаваць запісы сваім «памочнікам» пра паспяховае перасячэнне мяжы.
Следства ідэнтыфікавала мінімум шэсць чалавек, якім затрыманы даваў парады і рэкамендацыі што да перасячэння мяжы па-за пунктамі пропуску. Акрамя таго, у канфіскаваных тэлефонах следчыя знайшлі яго перапіску з прапагандысткай Ксеніяй Лебедзевай, што стала дадатковым доказам яго супрацьпраўнай дзейнасці.
Што ўкраінец расказаў Лебедзевай
Следства пакуль не апублікавала непасрэднай перапіскі затрыманага з Лебедзевай. Вядома, што яна абмяркоўвала з ім перасячэнне грамадзянамі Украіны мяжы з Беларуссю па-за пунктамі пропуску, а таксама планы на ўцёкі самога затрыманага. У сваім інтэрв'ю ён таксама асудзіў мабілізацыю ва Украіне.
«Свабода» знайшла на старонцы прапагандысткі ў YouTube праграму з гэтым інтэрв'ю пад назвай «Як уцячы з Украіны праз заходнюю мяжу. Дапаможнік для ўхілістаў», апублікаваную 23 ліпеня гэтага года.
Ксенія Лебедзева не назвала імені ўкраінца і прадставіла яго як адміністратара тэлеграм-канала, які выдае інструкцыі ўхілістам ад мабілізацыі. Голас яе суразмоўцы, імаверна, зменены — або тэкст, які ён напісаў ці нагаварыў, агучыў іншы чалавек.
«З'явілася магчымасць дапамагчы людзям не аўтамат узяць, а ціха ўзяць заплечнік, туды пакласці нейкія энергетычныя батончыкі там, не ведаю, вусцілкі, шкарпэткі, компас, карту, якая ў афлайн-рэжыме працуе, падрыхтавацца — усе нюансы, вылічыць, як даехаць, дзе выскачыць з цягніка, пералезці, перапаўзці. І вось усе гэтыя нюансы яны ў нас атрымліваюць», — сказаў украінец у эфіры праграмы Лебедзевай.
Затрыманы ўкраінец таксама расказаў Лебедзевай, чаму некаторыя ўхілісты часта выбіраюць Беларусь для ўцёкаў. Названыя ім прычыны цалкам адпавядаюць прапагандысцкім лозунгам, якія цяпер выкарыстоўваюць у Расіі і Беларусі.
«Я разумею, што лепш пераехаць у тое грамадства, дзе 9 траўня каштоўнейшае, чым шэсце 14-й дывізіі СС. Чаму я не магу пакласці кветкі на магілу ваяра? А таму што „здраднік“. Вось гэтая дрэнь мяне ўжо дастала. Разумееце як? А вось фашысты маршыруюць, а пенсіянерам прыйсці нельга, бо нацыкі выйдуць, і будзе скандал. Я ў такім яшчэ мушу жыць? Не, прабачце. Я ў такім не магу. Я разумею, што, ведаеце, пасля пераезду ўсіх праблем не вырашу. Але я вырашу самую галоўную: мае дзеці павінныя жыць, будаваць сем'і ў тым грамадстве, якое здаровае, правільнае, якое прагрэсуе, а не тут, прасякнутае гэтай бандэраўшчынай, нянавісцю», — сказаў Лебедзевай украінец.
Пры гэтым у сваёй праграме Лебедзева называе такіх людзей, як яе суразмоўца, «памочнікамі» і пазбягае ўдакладнення, што арганізатары ўцёкаў за мяжу атрымліваюць вялікія ганарары. Прапагандыстка канцэнтруе ўвагу на тым, што перш за ўсё на схемах пераправы праз мяжу зарабляюць менавіта ўкраінскія памежнікі і дзяржаўныя органы Украіны, якія займаюцца вызваленнем ад мабілізацыі.
У якіх крымінальных справах фігуравала імя прапагандысткі
Гэта другі вядомы выпадак крымінальнай справы, у якой фігуруе Ксенія Лебедзева.
У верасні гэтага года ў Літве за шпіянаж на карысць беларускіх спецслужбаў на 9 гадоў турмы быў асуджаны грамадзянін Літвы, юрыст Мантас Данелюс. З 2022 года ён збіраў інфармацыю для беларускіх спецслужбаў, у асноўным пра актывістаў, якія жывуць у Літве, і перадаваў сабраныя звесткі прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай.
У справе ёсць звесткі, што Данелюс, выконваючы заданне Лебедзевай, у жніўні 2022 года ў Вільнюсе сустракаўся з былым ваяром палка Каліноўскага Віктарам Савічам і пераканаў яго, што інфармацыя пра полк цікавіць амбасаду ЗША. Запісаўшы размову з Савічам, Данелюс пераслаў яе Лебедзевай праз Telegram.
Вільнюскі акруговы суд так і не змог апытаць Савіча, бо ў кастрычніку мінулага года 34-гадовы мужчына загінуў у ДТЗ пад Вільнюсам — яго збіла машына.
У судзе Данелюс заявіў пра Ксенію Лебедзеву: «У справе няма ясных звестак, што яна кадравы афіцэр КДБ».
Мантаса Данелюса затрымалі ў Літве 28 верасня 2022 года падчас спробы збегчы ў Беларусь, як і згаданага вышэй украінца.
У жніўні 2023 года Еўрасаюз увёў супраць Ксеніі Лебедзевай санкцыі. Разам з ёй пад абмежаванні трапілі яшчэ два прапагандысты — Вадзім Гігін і Яўген Пуставы.