У выніку расійскага масіраванага ўдару ў Кіеўскай вобласці цалкам разбураная Трыпальская ЦЭС. Пра гэта паведаміў кіраўнік Назіральнай рады «Цэнтрэнерга» Андрэй Гота.
У выніку траплянняў успыхнуў маштабны пажар у турбінным цэху. Цяпер на прадпрыемстве вядуцца работы па лакалізацыі агню.
«Усе работнікі, якія былі на змене падчас абстрэлаў, жывыя», — паведаміў Андрэй Гота.
Пажар на Трыпальскай ЦЭС. Відэа: t.me/mosiychuk72Мэр горада Украінкі Аляксандр Турэнка папрасіў мясцовых жыхароў «шчыльна зачыніць вокны», каб «не дыхаць прадуктамі гарэння», а таксама зарадзіць ўсе прылады і зрабіць максімальныя запасы вады.
«Абодва пункты нязломнасці ва Украінцы працуюць кругласутачна. Гэта пакуль усё, што магу сказаць цяпер. Больш падрабязна — пазней», — напісаў ён.
Трыпальская ЦЭС — самая магутная электрастанцыя сталічнага рэгіёна. Яна знаходзіцца ў горадзе Украінцы Абухоўскага раёна Кіеўскай вобласці на беразе Канеўскага вадасховішча. Аб’ект забяспечваў энергіяй Кіеўскую, Чаркаскую і Жытомірскую вобласці.
У «Цэнтрэнерга» паведамілі, што праз знішчэнне Трыпальскай ЦЭС кампанія страціла 100% генерацыі.
22 сакавіка 2024 года ў выніку расійскіх удараў была цалкам знішчаная Зміеўская ЦЭС у Харкаўскай вобласці.