У ноч на чацвер, 28 лістапада, Расія атакавала Украіну ракетамі «Калібр» і Х-101, а таксама «Шахедамі». Міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка паведаміў, што пад удар трапілі аб’екты энергетыкі.
У выніку расейскіх удараў быў цалкам абясточаны горад Жытомір з насельніцтвам больш за 250 тысяч чалавек. Мясцовы водаканал паведамляе, што паступова аднаўляецца водазабяспечанне.
У Львоўскай вобласці без святла 523 тысячы абанентаў. На Валыншчыне — прыкладна 215 тысяч.
«Скіравалі ракеты па крытычнай інфраструктуры. На шчасце, без чалавечых ахвяр. Ёсць пашкоджаныя прыватныя гаспадарчыя пабудовы», — паведаміў кіраўнік рэгіёна Іван Рудніцкі.
У Кіеве трывога доўжылася больш за 9 гадзін. Паводле звестак ваеннай адміністрацыі горада, усе ракеты Х-101 над сталіцай былі знішчаныя. Абломкі ўпалі ў Дняпроўскім і Дарніцкім раёнах. Звестак пра пацярпелых няма. Пашкоджанае адно з прадпрыемстваў-выбітыя дзверы, вокны, пашкоджанае грузавое аўто.
У Вінніцкай вобласці ў выніку атакі пацярпела жанчына. Пашкоджаны жылыя дамы, разбураны гаспадарчы будынак, загарэўся прыватны аўтамабіль.
Пра затрымкі ў руху цягнікоў інфармавала Украінская чыгунка.
«Праз абясточванне асобных участкаў маем затрымкі не больш за 1 гадзіну для 6 цягнікоў, але там працуюць рэзервовыя цеплавозы, набіраем ход. Адставанне ад графіку будзем скарачаць паступова», — адзначылі ў ведамстве.
У сувязі з аварыйнымі адключэннямі электраэнергіі, якія праз атаку ўвёў аператар «Укрэнерга», мэр Мікалаева абвясціў пра тое, што трамваі і тралейбусы ў горадзе сёння хадзіць не будуць.
Расія можа праводзіць такія атакі да канца зімы — у яе ёсць на гэта рэсурсы, напісаў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі РНБА Андрэй Каваленка. Ён таксама назваў хлуснёй інфармацыю, якая з’яўлялася раней у СМІ, што Кіеў і Масква дамовіліся не наносіць удараў па энергааб’ектах.
У камандаванні Паветранымі сіламі Украіны заявілі, што Расія задзейнічала «188 сродкаў паветранай атакі», у тым ліку 57 крылатых ракет Х-101, 28 ракет «Калібр», тры кіравальныя авіяцыйныя ракеты Х-59/69 і 97 ударных БпЛА тыпу «Шахед» і беспілотнікаў нявысветленага тыпу.
«Станам на 10.30 пацверджанае збіццё:
— 76 крылатых ракет Х-101/„Калібр“;
— 3 кіравальных авіяцыйных ракет Х-59/69;
— 35 ударных БПЛА тыпу „Shahed“ і беспілотнікаў нявысветленага тыпу (62 варожых беспілотнікі лакацыйна згубленыя)», — паведамілі ў Паветраных сілах УСУ.