Узятым у палон паўночнакарэйскім салдатам 19 і 25 гадоў. Адзін з іх заявіў, што калі іх адпраўлялі ў Расію, сказалі — вязуць на вучэнні. Пра гэта паведаміла Служба бяспекі Украіны.
У СБУ расказалі, што паўночнакарэйцы былі ўзятыя ў палон у Курскай вобласці байцамі тактычнай групы Сіл спецаперацый і дэсантнікамі УСУ. Адзін з палонных паранены ў сківіцу, у другога раненне з пераломам галёнкі.
Яны не размаўляюць ні на ўкраінскай, ні на англійскай ці рускай мовах, таму іх дапытваюць праз перакладчыкаў ва ўзаемадзеянні з разведкай Паўднёвай Карэі.
На момант палону адзін з замежнікаў быў без дакументаў, у другога быў ваенны білет расійскага ўзору. Падчас допыту ён заявіў супрацоўнікам СБУ, што дакумент яму выдалі ў Расіі восенню 2024 года. Тады, з ягоных словаў, частка баявых падраздзяленняў Паўночнай Карэі цягам тыдня праходзіла баявое зладжванне з расійскімі падраздзяленнямі.
Паўночнакарэец таксама расказаў, што нарадзіўся ў 2005 годзе, у войску КНДР служыць з 2021 года стралком. Палонны заявіў, што ў Расію іх везлі нібыта на вучобу, а не на вайну супраць Украіны.
Іншы ваеннапалонны, паводле папярэдніх звестак, 1999 года нараджэння, снайпер-разведчык, у войску служыць з 2016 года.
«Цяпер СБУ праводзіць неабходныя следчыя захады для высвятлення ўсіх абставінаў удзелу вайскоўцаў КНДР у вайне РФ супраць Украіны. Следства вядзецца пад працэсуальным кіраўніцтвам Офіса генеральнага пракурора па арт. 437 Крымінальнага кодэкса Украіны (планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне агрэсіўнай вайны)», — дапоўнілі ў СБУ.
Нагадаем, 11 студзеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў апра ўзяцце ў палон двух паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. Ён таксама паабяцаў, што неўзабаве журналісты будуць мець магчымасць пагаварыць з імі.