Следчыя высветлілі абставіны заказнога разбою ў Мінску. Пацярпелы — IT-спецыяліст, галоўная мэта абвінавачаных — крадзеж крыптаактываў мінчука, расказалі ў Следчым камітэце.

Паводле звестак следства, днём 15 жніўня 2024 года двое мужчын у спецвопратцы патэлефанавалі ў дзверы 45-гадовага праграміста і, прадставіўшыся электрыкамі, сказалі пра неабходнасць праверкі лічыльнікаў. У нейкі момант «электрыкі» надзелі кайданкі на мінчука і пачалі патрабаваць у яго крыптавалюту на суму больш за мільярд беларускіх рублёў, пагражаючы пры гэтым мужчыну пісталетам, электрашокерам і ін'екцыяй наркатычных сродкаў.
У СК расказалі, што мужчыны больш за гадзіну катавалі гаспадара кватэры, але не дабіліся жаданага і далі пацярпеламу 24 гадзіны, каб той перавёў крыптавалюту на іх электронны кашалёк. Пасля гэтага яны сышлі, забраўшы з сабой мабільны тэлефон айцішніка, каб той не змог патэлефанаваць у міліцыю.
СК распачаў па гэтым факце крымінальную справу.
Следчыя высветлілі, што ў пацярпелага на рахунку сапраўды была крыптавалюта, аднак не ў такой суме, якую патрабавалі нападнікі. Таксама яны высветлілі, што рабаванне мінчука заказалі.
«Злачынства старанна планавалася некалькі месяцаў: канспірацыя, меры засцярогі і шляхі адыходу. Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў удалося высветліць асобы выканаўцаў заказнога нападу, імі аказаліся грамадзяне Беларусі (56 і 57 гадоў), адзін з якіх з крымінальным мінулым. Праваахоўнікі затрымалі 56-гадовага выканаўцу разбойнага нападу. Ён прызнаўся ва ўчыненым і цяпер супрацоўнічае са следствам. Мужчына паказаў месца, дзе яны выкінулі зброю. З прыцягненнем вадалазаў следчыя знайшлі і забралі прыладу здзяйснення злачынства: пнеўматычны пісталет з глушыцелем, а таксама кайданкі», — расказалі ў СК.
Па выніках сабраных доказаў 56-гадоваму мужчыну выставілі абвінавачанне:
- па ч. 3 арт. 207 КК (Разбой, учынены групай асобаў з мэтай завалодання маёмасцю ў асабліва буйным памеры);
- ч. 3 арт. 208 (Вымагальніцтва, здзейсненае з мэтай атрымання маёмаснай выгады ў асабліва буйным памеры).
Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Другі фігурант на наступны дзень пасля здзяйснення злачынства на спадарожных машынах перасёк мяжу Рэспублікі Беларусь і з’ехаў у Польшчу. Следчыя завочна выставілі яму абвінавачанне па тых жа артыкулах КК і абвясцілі ў міжнародны вышук.
У СК адзначылі, што ў кватэры айцішніка на момант здзяйснення злачынства знаходзілася буйная сума грошай і дарагая маёмасць, аднак фігуранты патрабавалі ў жыхара сталіцы менавіта крыптаактывы.