Гамяльчанка «вымушана» вярнулася з Германіі ў Беларусь і расказала, як там усё кепска. У каментарах яе прэтэнзіі высмеялі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


"Флагшток"

Чарговага героя, што скардзіцца на негатыўны досвед жыцця ў Еўрасаюзе, прадставіла дзяржаўная прэса Гомельскай вобласці. Гэтым разам прапагандысты сабралі цэлы брыфінг, каб прасоўваць наратыў пра тое, як кепска беларусам на Захадзе, вуснамі эканамісткі-бухгалтаркі «Гомельэнерга» Ганны Палеевай, піша «Флагшток».

Анна Палеева. Фото со страницы в VK
Ганна Палеева. Фота са старонкі ў VK

Гамяльчанка пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Германію ў лістападзе 2022 года. З легалізацыяй праблем не ўзнікла, бо ўсе сваячкі жанчыны па бабулінай лініі — «спадчынныя немцы». Ганна наведвала краіну яшчэ ў падлеткавым узросце, гасцявала ў блізкіх.

Перад пераездам жанчына звольнілася з працы і прадала нерухомасць у Беларусі. У Германіі сям’я пасялілася ў горадзе Браўнсбедра ў зямлі Саксонія-Анхальт.

Гамяльчанка ў змрочных тонах апісала паўгода свайго жыцця ў Германіі — нягледзячы на тое, што ў межах спецыяльнай праграмы сям'і бясплатна далі трохпакаёвую кватэру і выдавалі дапамогу, якой хапала на жыццё.

Але «ўвечары, ідучы вуліцай, заўважалі, што ў вокнах не гарыць святло — людзі не ўключаюць яго з мэтай эканоміі, бо за камунальныя паслугі трэба шмат плаціць», скардзілася гамяльчанка. А таксама — на тое, што трэба пацвярджаць дыплом, каб уладкавацца па спецыяльнасці, і вучыць мову, а «калі няма страхоўкі, у медустанову няма сэнсу звяртацца».

«Менш чым праз паўгода сям’я была вымушаная вярнуцца ў Беларусь», — расказалі пра гераіню ў сюжэце ТРК «Гомель».

Пасля таго як гісторыю Ганны апублікавала ў сябе ў Instagram газета аблвыканкама, карыстальнікі сацсеткі пакінулі шмат каментароў, высмеяўшы заявы гамяльчанкі:

«А ў Беларусі кім вас возьмуць без адукацыі і без ведання мовы?»

«Так, сапраўды! Каб жыць бясхмарна ў Германіі, трэба ведаць нямецкую мову? З чаго б гэта раптам? Дзяўчына, мабыць, у ГДР ехала па бясхмарнае жыццё, але трошкі спазнілася!»

«Што за трызненне. Працы цэлая куча і без мовы, і без адукацыі. Незразумела, чаго чакаць курсаў [моўных], калі можна і за свой кошт пайсці ды вывучыць. А за бясплатна — вядома, стойце ў чарзе».

«А чаканне было прыехаць у іншую краіну і без мовы і адукацыі атрымаць бясхмарнае жыццё? Гэта як наогул? Калі замежнік у РБ прыедзе без мовы і адукацыі?»

«У Германіі немагчыма жыць без медстрахоўкі, гэта забаронена законам. Усе людзі застрахаваныя альбо дзяржаўнай, альбо прыватнай страхоўкай. Праблема трапіць да доктара ёсць, калі ў цябе дзяржстрахоўка. Але тут любы чалавек, незалежна ад статусу і становішча, атрымлівае меддапамогу ў найлепшых клініках у выпадку неабходнасці.

Бабулі майго мужа было 86 гадоў. Ёй у Шарытэ зрабілі цяжкую аперацыю на сэрцы. Мы нічога не даплачвалі. А мая мама ў РБ прыйшла да доктара — ёй было 58, з галаўным болем, доктарка сказала: ну што вы хочаце, узрост, і адправіла дадому. Так што, вядома, медыцына ў нас выдатная, што ні кажы».

«У вокнах не гарыць вечарам святло, бо людзі вячэраць у рэстаран пайшлі».

Ніводнага каментара ў падтрымку словаў Ганны пад пастамі прапагандыстаў не было — пакуль не паспелі ўключыць адміністрацыйны рэсурс, адзначае «Флагшток».