Фінляндыя прызнаная самай шчаслівай краінай свету ўжо восьмы раз запар згодна з World Happiness Report 2025. У гэтым рэйтынгу няма Беларусі — нашую краіну з яго выключылі два гады таму праз адсутнасць звестак: як выявілася, вымераць узровень шчасця ў нашай краіне немагчыма.

У топ-5 увайшлі таксама Данія, Ісландыя, Швецыя і Нідэрланды. Коста-Рыка і Мексіка ўпершыню падняліся ў дзясятку, заняўшы 6-е і 10-е месцы. ЗША зваліліся да 24-га месца, гэта іх найгоршы паказчык за ўсю гісторыю рэйтынгу.
З нашых краін-суседзяў самай шчаслівай аказалася Літва, якая размясцілася на 16-м месцы (летась яна займала 19-е месца). Польшча заняла 26-ы радок рэйтынгу (35-ы ў папярэднім дакладзе), Латвія — 51-ы (летась яна займала 46-е месца). Расія на 66-м месцы (летась — 72-е месца), Украіна — 111-е месца (летась — 105-е).
Самай няшчаснай краінай зноў прызнаны Афганістан, асабліва цяжкай сітуацыю называюць афганскія жанчыны. Другім з канца стала Сьера-Леонэ, трэцім — Ліван.
Навукоўцы высветлілі, што на ўзровень шчасця ўплываюць не толькі здароўе і матэрыяльны дабрабыт, але і такія простыя рэчы, як супольныя прыёмы ежы, наяўнасць блізкіх, на якіх можна спадзявацца, і памер сям'і. Напрыклад, у Мексіцы і Еўропе самымі шчаслівымі аказаліся сем'і з чатырох-пяці чалавек.
Таксама даследаванне паказала, што вера ў дабрыню навакольных цесна звязаная з адчуваннем шчасця. У якасці прыкладу прыводзіцца сітуацыя са згубленымі кашалькамі: краіны, дзе людзі часцей знаходзяць і вяртаюць чужыя кашалькі, дэманструюць вышэйшы ўзровень шчасця.
Беларусі ў рэйтынгу няма. Вымераць узровень шчасця ў нашай краіне немагчыма — з 2020 года Беларусь не ўдзельнічае ў апытаннях для рэйтынгу.
Апошняе апытанне ў нас праводзілася ў 2019-м — на аснове яго звестак у рэйтынгу шчасця за 2022 год Беларусь заняла 65-е месца. А ў 2021 і 2020 гадах нашая краіна знаходзілася на 75-м радку.